Авіякампанія з ААЭ запусціла рэгулярныя рэйсы з Дубая ў Менск
Авіякампанія Flydubai запусціла прамыя рэгулярныя рэйсы па маршруце Дубай — Менск — Дубай, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорта Менск.
Палёты па маршруце будуць выконвацца тры разы на тыдзень паміж Міжнародным аэрапортам Дубай і Нацыянальным аэрапортам Мінск. Вылет з Дубая — у 18.50 па аўторках, пятніцах і суботах, пасадка ў Менску — у 23.50. Зваротны рэйс вылятае з Менска ў 00.50 па серадах, суботах і нядзелях і прыбывае ў Дубай ў 7.45.
Авіяперавозчык з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў упершыню прыйшоў у Беларусь. «Перакананыя, што развіццё авіязносін паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, у тым ліку адкрыццё рэйсаў авіякампаніяй Flydubai, паспрыяе больш цеснаму супрацоўніцтву нашых краін у галіне эканомікі, культуры, турызму і станоўча адаб’ецца на павелічэнні як прамога, так і трансфернага пасажырапатокаў», — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Вячаслаў Харанека.