Дзяўчына палітвязня: Зміцер трымаецца годна



Дзяўчына палітвязня Зміцера Фурманава, суд над якім адбываецца ў Гародні, Вольга Каракіна пасля крымінальнага пераследу была вымушана пакінуць Беларусь.

Цяпер дзяўчына жыве ў Вільні, куды з’ехала па гуманітарным калідоры.

– Я знайшла работу. Уладкавалася. Здымаю кватэру. На першы час фонды дапамаглі.

РР: Фонды дапамаглі чым?

– Матэрыяльна. Было за што зняць кватэру на першы час. Тыя ж прадукты купіць.

РР: У акцыях у падтрымку Беларусі там вы ўдзельнічаеце?

– Так. Кожны выходны дзень у Вільні праходзяць акцыі каля амбасады Беларусі. І час ад часу я туды хаджу.

Па словах Вольгі, яна працягвае падтрымліваць кантакты з бацькамі Зміцера і сочыць за тым, што адбываецца ў судзе.

– Моцна перажываю. Суд не справядлівы. Мы ведаем, што гэта была правакацыя. Што людзей зараз судзяць ні за што. Паглядзім, як суддзя вырашыць. Спадзяёмся на справядлівы суд.

РР: Нейкія кантакты з бацькамі засталіся?

– Так. Канешне, увесь час на сувязі з бацькамі.

РР: І што, падтрымліваеце бацькоў, ці яны вас падтрымліваюць неяк?

– Яны расказваюць што адбываецца на судах, як Дзіма трымаецца. Дзіма трымаецца добра, годна, маладзец. Вясёлы ўвесь час, падміргвае.

У Беларусі Вольга Каракіна разам з маці Зміцера Фурманава ў ліпені – жніўні 2020 году трымала 10 дзён галадоўку каля Валадаркі,  дзе ў той час сядзеў Зміцер.

Зміцер Фурманаў быў затрыманы ў Гародні 29 траўня 2020 года падчас збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай і цяпер праходзіць па так званай “справе Ціханоўскага”.

Беларускае Радыё Рацыя