Анджэй Дуда: Я заклікаю ўлады Беларусі перайсці ад палітыкі прыгнёту да дыялогу
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў ўлады Беларусі адысці ад палітыкі прыгнёту на карысць палітыкі дыялогу.
Прэзідэнт прыняў удзел у дэбатах на высокім роўні Савета па правах чалавека ААН. Адной з тэмаў выступу Анджэя Дуды была сітуацыя з правамі чалавека за ўсходняй мяжой Польшчы, то бок у Беларусі і Расеі.
Кіраўнік Польшчы падкрэсліў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы, каб рэалізаваць свае асноўныя дэмакратычныя правы:
“Маштабы рэпрэсій з боку беларускага рэжыму, якія рушылі ў адказ, былі вельмі трывожнымі”, – сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі міжнародная супольнасць не можа маўчаць, і кожная краіна павінна выконваць свае абавязацельствы па міжнародным заканадаўстве аб правах чалавека.
“Я заклікаю ўлады Беларусі адысці ад палітыкі прыгнёту на карысць палітыкі дыялогу”, – сказаў Анджэй Дуда.
Ён звярнуў увагу на тое, што “Беларусь – не адзіная краіна ў рэгіёне, улады якой выкарыстоўваюць палітычныя рэпрэсіі супраць свайго грамадства”.
Беларускае Радыё Рацыя