Выбілі дзверы, забралі нацыянальную сімволіку і самаробнае віно
Супрацоўнікі аддзелу міліцыі Першамайскага раёну ўламіліся да актывіста Міколы Качурца, пашкодзіўшы замок і ўваходныя дзверы.
Высветлілася, што міліцыянты пераблыталі адрасы: збіраліся зайсці да ягонага суседа і трапілі не ў тую хату. Але тут убачылі нацыянальную сімволіку і віно ўласнага вырабу: Мікола Качурэц гадуе ўласны сад і мае кулінарнае хобі – гатуе самаробныя напоі, у тым ліку і па старадаўніх беларускіх рэцэптах. Усё гэта забралі, распавёў гаспадар:
– Увесь алкаголь забралі, што смачнага было – хатняе віно, кальвадос. Я ім казаў: “пакажыце мне, што гэта забаронена!” Яны мне нічога не паказалі і нават не назваліся. А яшчэ забралі сімвалы нашыя: сцяжок бел-чырвона-белы, налепкі, герб Пагоня, які быў на маім пляцаку… Яны што бачылі, тое і забіралі.
Міліцыянты зразумелі, што трапілі не ў тую хату, куды збіраліся. На пытанне, чаму Мікола Качурэц не адчыняў дзверы, калі яны грукалі, актывіст заўважыў, што не адчувае за сабой аніякай віны і што заўжды гатовы прыйсці ў міліцыю сам, калі будзе афіцыйная позва. Прабачэнняў за ўзламаныя дзверы ён не дачакаўся.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск