Паўтара года калоніі – за тое, што “ўдарыла нагой міліцэйскі мікрааўтобус”



22-гадовую жыхарку Юлію Кашавераву пакаралі паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу – за хуліганства.

Суддзя суду Кастрычніцкага раёну Сяргей Будрэвіч прысудзіў дзяўчыне паўтара года калоніі за інцыдэнт, які здарыўся 4 кастрычніка. У той дзень у Віцебску адбывалася мірнае нядзельнае шэсце, але міліцыянты ўжылі слезацечны газ супраць яго ўдзельнікаў і спрабавалі затрымаць некалькі чалавек. Віцябляне, у тым ліку Юлія Кашаверава, спрабавалі не дапусціць затрымання… Паводле міліцэйскага пратаколу, дзяўчына некалькі разоў ударыла нагой па мікрааўтобусе Ford Transit. Сям’я падсуднай сплаціла ўсе выдаткі міліцэйскаму аўтапарку, і таму бацька дзяўчыны, Сяргей Кашавераў, лічыць пакаранне неапраўдана жорсткім:

 – Я не лічу, што мая дачка не вінавата, яна парушыла закон, тут не буду нічога казаць…Парушэнне было, і за яго варта караць. Але пакаранне мусіць быць адэкватным. Таму страты, якія яна нанесла, аплачаныя. Пытанне не ў гэтым. Я лічу, што суд да канца не разабраўся і прыняў не аб’ектыўнае рашэнне.

Напярэдадні пракурор прасіў пакараць дзяўчыну 6-цю гадамі пазбаўлення волі. Нягледзячы на значна  лягчэйшы прысуд, Юлія Кашаверава будзе яго абскарджваць. Цяпер яна знаходзіцца ў віцебскім СІЗА, дзе яе трымаюць з 20-га кастрычніка мінулага году. Гэты тэрмін – 5 месяцаў – суд пастанавіў улічыць у агульны тэрмін пакарання.

 4 кастрычніка 2020 г. Юлія Кашаверава ў зялёнай куртцы ў першых шэрагах.

Беларускае Радыё  Рацыя, Віцебск