У 2020 годзе ў Беларусі асуджана 605 падлеткаў



У 2020 годзе ў Беларусі было асуджана 605 непаўналетніх — на 16,8% менш, чым годам раней (727), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

157 непаўналетніх учынілі злачынствы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення (у 2019 годзе — 135), 11 — у стане наркатычнага ап’янення (16).

Большасць асуджаных — 351 чалавек — здзейснілі злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, у прыватнасці крадзеж (233), рабаванне (24) і разбой (9), а таксама выкраданне транспартнага сродку (42).

35 чалавек асуджаныя за злачынствы супраць жыцця і здароўя, з іх пяць — па арт. 139 КК (забойства), адзін — па арт. 143 КК (забойства пры перавышэнні межаў неабходнай абароны), яшчэ адзін — па арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці). 15 падлеткаў асуджаныя за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147 КК), сем — за наўмыснае прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў (арт. 149 КК), пяць — за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання (арт. 153 КК), яшчэ адзін — за катаванне (арт. 154 КК).

Восем непаўналетніх асуджаныя за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды.

42 непаўналетнія асуджаныя за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў (арт. 328 КК), што на 19,2% менш у параўнанні з 2019 годам (52 падлеткі).

За ўчыненне злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці асуджана 145 непаўналетніх, 134 з іх — за хуліганства (арт. 339 КК).

За ўчыненне злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання асуджаныя 14 непаўналетніх. У прыватнасці, восем — за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК), трое — за гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).

З 605 асуджаных 72 падлеткі прыгавораныя да пазбаўлення волі, да 98 прымененая адтэрміноўка выканання пакарання, да 66 — умоўнае непрымяненне пакарання, да 164 — прымусовыя меры выхаваўчага характару, 15 вызваленыя па прысудзе ад пакарання па амністыі і на іншых падставах, да 190 прымененыя іншыя меры пакарання.

belapan.by