Пачаты збор сродкаў на стварэнне віртуальнага музея – без цэнзуры і абмежаванняў



Каманда ініцыятывы Freedom Belarus па прасоўванні сацыяльна арыентаванага беларускага мастацтва ў свеце абвясціла пра стварэнне першага віртуальнага музея, які дасць бяспечную пляцоўку творчым людзям Беларусі.

Як адзначаюць у Freedom Belarus, мінулы год „стаў пачаткам новай гісторыі краіны, дзе кожны жыхар робіць свой унёсак дзеля агульнай мэты”.

„Падзеі ў нашай краіне далі новы штуршок для развіцця новай культуры Беларусі. Былі створаныя тысячы новых работ: фота, відэа, кліпы, музыка і многае іншае. І з’явілася мара — мы хочам сабраць усю творчасць беларусаў у адным музеі. Аднак шматлікія вар’яцкія забароны і абмежаванні не даюць нам свабодна рэалізоўваць усе праекты. Але ёсць адно месца, дзе магчымае ўсё, — інтэрнэт. Таму сёння мы запускаем рэалізацыю праекта віртуальнага музея Freedom Belarus”, — гаворыцца ў відэазвароце ўдзельнікаў праекта на старонцы збору сродкаў.

Паводле задумкі аўтараў, сайт віртуальнага музея стане шматфункцыянальнай пляцоўкай: выставы скульптараў і мастакоў, музычныя і тэатральныя перформансы, кіназала і анлайн-сцэна. „Такі музей немагчыма зачыніць, а работы ў ім канфіскаваць або знішчыць”, — сцвярджае каманда.

Як паведаміла БелаПАН заснавальнік Freedom Belarus Марыя Міхальчук, для рэалізацыі задуманага 23 лютага на краўдфандынгавай пляцоўцы www.indiegogo.com стартаваў збор сродкаў. Мэта — сабраць 34 тысячы долараў. Грошы патрэбныя на распрацоўку і пастаянную тэхнічную падтрымку віртуальнага музея, стварэнне вялікай базы прадметаў мастацтва і размяшчэнне іх віртуальных мадэляў у залах музея.

Паводле слоў Міхальчук, ідэя музея саспела яшчэ мінулай восенню. „Мы шукалі каманду профі, хто можа ўзяцца за гэты праект з тэхнічнага пункта гледжання. Адным не падыходзілі тэрміны, іншым — цана. І вось калі мы знайшлі аднадумцаў, пачалі распрацоўку праекта. Палова сабранай сумы пойдзе на падарункі (лоты) для людзей, якія данацяць грошы, на іх перасылку ў любы пункт свету і гэтак далей”, — растлумачыла яна.

У камандзе праекта вядомыя дзеячы мастацтва Беларусі: Уладзімір Цэслер, Раман Камінскі, Мікіта Моніч, Shuma, VAL, Дзядзька Ваня, Анастасія Рыдлеўская, Саша Захарык, Дар’я Цэмра і іншыя.

Больш за 20 мастакоў ужо далі эскізы і матэрыялы для стварэння віртуальнага музея. Паводле планаў Freedom Belarus, музей можа запрацаваць ужо гэтым летам.