Павел Усаў: Імаверна абмяркоўваліся дэталі далейшай здачы беларускага суверэнітэту
Інфармацыі небагата, бо няма чым хваліцца. Так кажа палітолаг Павел Усаў пра вынікі візіту Аляксандра Лукашэнкі да Уладзіміра Пуціна.
Афіцыйныя СМІ сціпла паведамляюць пра вынікі перамоваў двух кіраўнікоў у Сочы. Размова працягвалася каля гадзіны. Затым абодва каталіся на лыжах і снегаходах, з’елі супольны абед. У СМІ гучыць, што сустрэча працягвалася шэсць гадзінаў. Але канкрэтных вынікаў перамоваў аніводзін з бакоў не паведаміў. Гэту інфармацыю у нашым эфіры пракаментаваў палітолаг Павел Усаў:
РР: Ці не падаецца вам, што найчасцейшы каментар, які зараз гучыць, акурат пра тое, што вельмі мала інфармацыі пасля гэтага візіту. Чаму так?
Павел Усаў: Пасля папярэдняга візіту таксама не было інфармацыі акрамя заяваў Пуціна адносна таго, што Расея падтрымае Лукашэнку і гатовая выслаць перадавыя атрады. Тое ж самае датычыцца і гэтага візіту. Бо гутарка вядзецца пра нейкія фармальныя дамоўленасці, у выніку якіх Лукашэнка павінен у пэўным сэнсе пайсці на даволі глабальныя саступкі ў выглядзе абкройвання беларускай незалежнасці і суверэнітэту. І таксама паглыблення стратэгічнай залежнасці і інтэграцыі. І, канешне, пра гэта гучна гаварыць ніхто не збіраецца. Бо калі б Лукашэнка агучваў такія планы, то гэта яшчэ б больш падарвала ягоныя пазіцыі. Таксама і расейскі бок не жадае наўпрост казаць пра пашырэнне сваёй прысутнасці як вайсковай, так і геапалітычнай у Беларусі дзеля таго, каб не выклікаць рэакцыю з боку Захаду, перш за ўсё – ЗША. Але, на маю думку, у бліжэйшы час з’явяцца, як гэта звычайна бывае, злівы з нефармальных крыніц, набліжаных да Адміністрацыі прэзідэнта, у якіх Лукашэнка будзе выглядаць ізноў як прасіцель.
РР: Тэма паглыбленай інтэграцыі небяспечная як у Расеі, так і ў Беларусі. А што ў Беларусі могуць пачацца чарговыя пратэсты?
Павел Усаў: Я не думаю, што з гэтым могуць быць звязаныя чарговыя пратэсты. Проста паглыбленне інтэграцыі будзе азначаць так ці інакш сыход у бліжэйшы час Лукашэнкі з пасады прэзідэнта. Бо што азначае паглыбленая інтэграцыя ў кантэксце расейскіх інтарэсаў? Гэта было агучана намеснікам старшыні Дзяржбяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева, які сказаў як мусіць выглядаць інтэграцыя. Гэта агульныя палітычныя інстытуты, эканамічная прастора і грашовая сістэма. У гэтым кантэксце прысутнасць Лукашэнкі па сутнасці не мае сэнсу. Гэта азначае, што для тых “ябацек” не мае сэнсу далей падтрымліваць гэты рэжым, бо яго дні і так ужо палічаны. І Расея будзе імкнуцца нейкім чынам падчас паглыблення інтэграцыі адсунуць на задні план і ўвогуле зняць з пасады прэзідэнта. Таму для Лукашэнкі гэта вельмі небяспечна, каб у інфармацыйнай прасторы з’явіліся згадкі пра тое, што працэс паглыбленай інтэграцыі завяршаецца. На маю думку, размаўляць шэсць гадзін ні пра што – гэта цяжка сабе ўявіць. Хутчэй за ўсё абмяркоўваліся пэўныя дэталі далейшай здачы беларускага суверэнітэту. Тым больш мы бачым, што Лукашэнка пакуль што не атрымаў ніякіх дадатковых сродкаў фінансавай дапамогі.
РР: Супольнае катанне на лыжах ды супольны абед – гэта магчымасць паказаць што яны добрыя сябры і ўсё добра паміж імі? Ці нейкі іншы можа быць сэнс?
Павел Усаў: Гэта, канешне, піяр. Бо калі б Лукашэнка збег ад Пуціна, як гэта было зімой 2019 года, калі трэба было падпісваць праграму па інтэграцыі, то тут відавочна, што ён не можа сабе дазволіць такіх дэмаршаў. Нават калі Пуцін паставіў яго на калені, ён павінен выконваць тыя абяцанні, бо фактычна ён страціў усе інструменты нават фармальнага палітычнага супрацьстаяння Расеі. Бо ў сённяшнім кантэксце, калі няма ні знешняй, ні ўнутранай легітымнасці, калі вайскоўцы, міліцыя і бюракратыя падтрымліваюць Лукашэнку толькі таму, што яго падтрымлівае Масква, у такіх умовах сказаць Пуціну – я не пагаджаюся, гэта самагубства. І гэта разумее як Пуцін, так і Лукашэнка. Таму нават калі размова была для яго непрыемная, ён вымушаны ўсміхацца і паказваць усяму свету, што нейкія дамоўленасці былі дасягнутыя. Хоць яшчэ раз падкрэслю, што ў сённяшнім кантэксце Пуцін зусім па-іншаму размаўляе з Лукашэнкам. І Лукашэнка зусім іншы статус мае сёння, чым гэта было, напрыклад, год таму.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя