У Гайнаўцы пройдзе акцыя памяці ахвяр Рамуальда Райса “Бурага”



Жыхары Гайнаўкі і ваколіц рыхтуюць акцыю памяці ахвяр Рамуальда Райса “Бурага” ды яго жаўнераў.

Шосты раз у гэтым падляшскім горадзе пройдзе акцыя пад назвай “Вечная памяць”. “Ушануем памяць пра нашых загінулых малітвай і хвілінай маўчання”, – кажа адна з арганізатараў Эва Мароз-Кечынская:

– Сустрэча пачынаецца аб адзінаццатай гадзіне, а ўжо а дванаццатай гадзіне – на малітву ў царкву,  як і заўсёды на вуліцы Рэя.  Яе адслужыць айцец Ян Раманчук, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Для нас усіх, як  жыхароў Гайнаўкі, так і наваколля, як мужчын, так і жанчын, адна мэта – ушанаваць памяць ахвяр.

Акцыя “Вечная памяць” пройдзе ў суботу, 27 лютага, у Гайнаўцы на пляцы Дымітра Васілеўскага. Удзельнікі мерапрыемства прачытаюць прозвішчы ўсіх 79 ахвяр “Бурага”, якія загінулі ў студзені-лютым 1946 года.  Падчас мерапрыемства пройдзе таксама збор сродкаў на помнік Святой Марыі Петручук са Шпакоў – дзяўчыны, якая была забітая жаўнерамі “Бурага”, баронячыся ад згвалтавання. 

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя