Агляд прэсы: санкцыі супраць дамоваў
Неадназначная анатомія гвалту беларускіх пратэстаў. Байдэн рыхтуе свае першыя сур’ёзныя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Амерыканскі часопіс Jacobinmag размясціў матэрыял «Чаму паўстанне ў Беларусі не атрымалася?».
Аўтары матэрыялу Аляксей Сахнін і Каця Казбек падводзяць вынік шасці месяцаў з таго часу, як у Беларусі адбыліся выбары, якія выклікалі самы цяжкі палітычны крызіс у гісторыі пасля атрымання незалежнасці краінай.
«Несумненна, Беларусь – унікальны выпадак сярод дзяржаваў, заснаваных на рэштках Савецкага Саюза. Лукашэнка назваў пратэсты ў Беларусі пралогам палітычнага крызісу ў Расеі. Ліберальная празаходняя апазіцыя не ў стане мабілізаваць дэмакратычную большасць вакол сябе і сваёй сацыяльнай праграмы. Пратэсты падсілкоўваліся не аўтарытэтам альтэрнатывы апазіцыі, а паводзінамі ўладаў, не менш важнай жорсткасцю і рэпрэсіямі з боку сілавікоў. У гэтым сэнсе эскалацыя гвалту выгадная для абодвух бакоў канфлікту. Гэта галоўны ўрок, які мы можам зрабіць з беларускага досведу», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
Французская газета Le Monde піша пра тое, што Пуцін і Лукашэнка дэманструюць сваю аўтарытарнае згоду. «Лукашэнка ў спартовай куртцы і Пуцін у джынсах 22 лютага сустрэліся ў Сочы, на беразе Чорнага мора. Выглядалі яны нязмушана, быццам пратэсты і рэпрэсіі апазіцыі ў абедзвюх краінах іх зусім не датычыліся».
У гэты час у Бруселі міністры замежных спраў еўрапейскіх краін абмяркоўвалі новыя абмежавальныя санкцыі супраць чатырох высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, а таксама знаходзяцца ў чаканні новага дакладу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бчэлет пра сітуацыю ў Беларусі, які мусіць быць агучаны ў гэты чацвер.
«Кіраўнік Крамля настойліва заклікае беларускага лідара правесці рэферэндум па канстытуцыйнай рэформе, каб падрыхтаваць пераход улады, зразумела, ва ўмовах трывалага прымацавання да Расеі. Козырам Лукашэнкі застаецца яго безальтэрнатыўнасьць для Масквы. Крэмль так і не знайшоў сабе іншых беларускіх суразмоўцаў», – падсумоўвае французскае выданне.
Амерыканскае выданне Politico перадае, што ЗША рыхтуюцца адказаць на атручванне Расеяй і турэмнае зняволенне расейскага апазіцыйнага лідэра Аляксея Навальнага і, як чакаецца, у бліжэйшыя тыдні скаардынуюць разгортванне санкцый з еўрапейскімі саюзнікамі.
«Некалькі экспертаў па Расеі лічаць, што ЗША не варта марудзіць са зваротнай рэакцыяй, асабліва пасля таго, як на мінулым тыдні расейскі суд падрыхтаваў глебу для пераводу Навальнага ў выпраўленчую калонію», – піша Politico.
Выданне падкрэслівае, што як бы новая адміністрацыя ні вырашыла адрэагаваць, малаверагодна, што яна будзе выкарыстоўваць той самы план, які пакінула пасля сябе каманда нацыянальнай бяспекі Трампа.
У канцы студзеня 2020 года ў Францыі быў зафіксаваны першы выпадак захворвання каронавірусу ў Еўропе. 23 лютага таго ж года быў уведзены лакдаўн у многіх галінах і рэгіёнах Паўночнай Італіі. Па кантыненце пракацілася першая хваля заражэнняў, але многія пры гэтым ўсёй сур’ёзнасці становішча не ўсвядомілі. На сённяшні дзень ужо з’явіліся вакцыны, аднак вынікі мінулага года асаблівага аптымізму не выклікаюць. «Улады так і не змаглі пераадолець модус простага рэагавання”, – расчаравана канстатуе аўстрыйская газета Die Presse:
«Ніколі яшчэ палітыкам пасляваенных пакаленняў не даводзілася прымаць настолькі далёка прасунутыя рашэнні. За выключэннем Швецыі, па ўсім свеце ўрады задзейнічалі падобныя стратэгіі з увядзеннем так званых “лакдаўнаў». Адсутнасць альтэрнатываў і відавочнае фіяска функцыянавання нашага грамадства з апорай на розум і асабістую адказнасць кожнага – найбольш балючыя ўрокі гэтага года. Аднак нас чакае яшчэ і другі год, а можа – і трэці. … Магчыма, асноўны пункт крытыкі гучыць так: падчас прыняцця рэактыўных рашэнняў на фоне статыстыкі заражэнняў, якая літаральна скакала, улады выпусцілі з-пад увагі доўгатэрміновую перспектыву».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка