Дзень Волі – гэта свята для ўсіх беларусаў
Сёлета, як і ўжо некалькі гадоў запар, беларускае грамадства прагне адзначыць Дзень Волі ў шырокім маштабе. Дзень Волі – гэта свята для ўсіх беларусаў, незалежна ад перакананняў. І сумесныя высілкі менавіта ў такім фармаце давалі плён.
Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ спадзяецца, што святочны фармат акурат форма такога яднання беларускай нацыі, да чаго заклікаюць улады: „Год яднання”:
– Лічу вельмі важным не раз’ядноўвацца на гэты дзень, а заклікаю ўсіх далучыцца да працы аргкамітэта. Мне падаецца, што вяртанне ў Беларусі прававога поля магчыма тады, калі будуць паважацца законныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян. Таму гэтае святкаванне Дня Волі можа стаць такім маркерам адзінства.
Але для гэтага ўладам, сілавому блоку варта адысці ад рэпрэсіяў уласных грамадзян. З шанаваннем ставіцца да свабодаў і правоў людзей, якія не выконваюцца ў краіне Беларусь.
Кажа Вадзім Саранчукоў:
– Пад рэпрэсіі і ціск патрапіла ўсё беларускае грамадства, палітычная партыя, як частка гэтага грамадства, у тым ліку. На гэты год запланаваная перарэгістрацыя сяброўпартыі. Праводзяцца праверкі. У мінулым годзе палітычныя партыі атрымалі папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі за рознага кшталту надуманыя парушэнні. Гэта агульная тэндэнцыя да любога актыву, да любых актывістаў, да любых арганізацый, якія дзейнічаюць, ці гэта “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ці гэта палітычныя партыі, грамадскія і праваабарончыя арганізацыі.
Актывізавалі працу арганізацыйныя камітэты ў Менску, Гародні па святкаванні Дня Волі. Да іх працы запрашаюцца ўсе ахвотныя, здольныя вырашаць пастаўленыя задачы для таго, каб зрабіць чарговы „Дзень Волі” светлым святам.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя