Пра беларускую версію Далай-Ламы



Святлана Ціханоўская нагадала пра сябе ў вялікім інтэрв’ю з украінскім паліттэхнолагам Дзмітрыем Гардонам. Хоць гэты спецыяліст мае дастаткова неадназначную рэпутацыю, але лідары з постсавецкіх краінаў лічаць вялікай удачай паўдзельнічаць у ягоных праграмах. Перамога на прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Зяленскага шмат у чым была абумоўленая менавіта ўдзелам у рэйтынгавым відэапраекце Дзмітрыя Гардона. Перад 9 жніўня 2020 года кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, хоць рэдка дае інтэрв’ю замежным журналістам, таксама знайшоў магчымасць адказаць на пытанні гэтага ўкраінскага тэлевядоўцы. Такім чынам, можна сказаць, што Святлана Ціханоўская здзейсніла прарыў у медыйнай сферы. Гэта асабліва важна на фоне нядаўняй піар-няўдачы з інтэрв’ю швейцарскаму выданню Le Temps, у якім экс-кандыдатка падабрала няўклюдную фармулёўку наконт паразы вулічнага пратэсту.

У вялікай гутарцы Святланы Ціханоўскай з Дзмітрыем Гардонам – вельмі шмат цікавых момантаў, якія праліваюць дадатковае святло як на палітычны крызіс 2020 году, так і раскрываюць погляды беларускага палітыка. З дадзенага відэа вынікае, што ўлады Беларусі здзейснілі сама меней тры ракавыя памылкі, якія прывялі да цяперашняй сітуацыі.

Па-першае, кіраўніцтва краіны, перастрахаваўшыся з нерэгістрацыяй Сяргея Ціханоўскага, выцягнула з калоды сапраўднага Джокера. Калі б на выбары пайшоў сам папулярны блогер, то наўрад ці б так лёгка вакол ягонай фігуры аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў. Хутчэй за ўсё сцэнар выбараў бы нагадваў падзеі 2010 году, калі парад апазіцыйных прэтэндэнтаў прывёў да размывання электарату, хуткага разгону плошчы і працяглай дэпрэсіі ў лагеры прыхільнікаў пераменаў. Вылучэнне “хатняй гаспадыні” Святланы Ціханоўскай, якая ўсяляк падкрэслівала адсутнасць палітычных амбіцый на фоне прагнага да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, стала той выбарчай фішкай, якая скарыла народ. А яе простая палітычная праграма, якая заключалася ў правядзенні сумленных выбараў, стала зразумелай усім без вынятку. Недаацэнка патэнцыялу і здольнасцей Святланы Ціханоўскай – гэта першы пралік Аляксандра Лукашэнкі.

Другая памылка – тое, што ўлады праігнаравалі шалёную папулярнасць наваспечанай лідаркі, намаляваўшы ёй у канчатковым падліку сціплы вынік у 10% галасоў выбарцаў, што, канешне, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Разыходжанне з сапраўднай падтрымкай і рэзультатамі, абвешчанымі ЦВК пасля выбараў, проста раз’ятрыла беларусаў.

Трэцяя памылка – гэта выцісканне Святланы Ціханоўскай за мяжу. Замест забыцця, што ў ранейшыя часіны здаралася з палітычнымі лідарамі ў выгнанні, вакол экс-кандыдаткі паўстала эфектыўная каманда, якая ўцерла нос афіцыйнаму Менску ў міжнароднай дыпламатыі. Больш за тое, Святлана Ціханоўская стала асацыявацца ў Беларусі з беларускай версіяй тыбецкага правадыра Далай-Ламы. Беларускі народ чакае вяртання сваёй лідаркі, якая рана ці позна трыумфальна вернецца на радзіму.

У інтэрв’ю з Дзмітрыем Гардонам прагучалі важныя адказы Святланы Ціханоўскай, якія раскрываюць яе палітычныя погляды і дазваляюць аб’ядноўвацца вакол яе шырокім колам грамадства. У прыватнасці, нацыянальна арыентаваныя грамадзяне могуць супакоіцца тым, што лідарка ўцямна адказала пра тое, што Крым і Данбас – гэта тэрыторыя Украіны. Больш за тое, палітык раскрытыкавала Уладзіміра Пуціна, заявіўшы, што падтрымка ім Аляксандра Лукашэнкі на дадзеным этапе – гэта тоесна падтрымцы гвалту і рэпрэсій у дачыненні да народу Беларусі. Чыноўнікі і сілавікі могуць уздыхнуць з палёгкай, калі пачуюць тое, што асабіста Святлана Ціханоўская выступае супраць калектыўнай адказнасці і шырокай люстрацыі. Паводле яе, адказнасць павінны несці толькі асобы, якія здзейснілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Такім чынам, падсумоўваючы пачутае, Святлана Ціханоўская – ідэальны кіраўнік пераходнага перыяду, які задавальняе амаль усе бакі. А калі ўлічыць яе чалавечыя якасці, яе шчырае перажыванне за паламаныя лёсы беларусаў, што наўрад ці магчыма падрабіць нават таленавітаму акцёру, то можна сапраўды пагадзіцца з тым, што беларусам з лідаркай пашанцавала. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ