У Менску працягваецца суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным



Чацвёрты дзень у Менску працягваецца суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным.

Справу ў закрытым рэжыме разглядае суд Маскоўскага раёну беларускай сталіцы ў будынку Дома правасуддзя. Працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, дзяржаўны абвінаваўца — Людміла Іваненка. Судовыя паседжанні праходзяць за зачыненымі дзвярыма (літаральна – іх замыкаюць на ключ). Так на першым пасяджэнні вырашыў суд, хаця падсудныя хацелі адкрытага працэсу. Галоўны рэдактар партала ТУТ. Бай Марына Золатава чарговы раз у нашым эфіры звярнула увагу на тое, што гэты судовы працэс палітычна матываваны. Учора завершыўся допыт сведкаў, пакрысе справа падыходзіць да завяршэння:

– Допыт сведкаў скончыўся. Пасля гэтага мусіць быць вывучэнне матэрыялаў справы, допыт удзельнікаў і судовыя спрэчкі. А пасля ўжо павінен быць вырак.  Мне цяжка пра гэта казаць дакладна. Я сёння, дарэчы, бачыла Кацю ў калідоры. Мы стараемся прыходзіць штодня, каб яе прадтрымаць. Каб можна было хаця б памахаць праз гэтыя шкляныя дверы ў будынку суда. Галоўнае, што прагучала, – учора ў судзе выступала стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, якая паведаміла, што сям’я не мае ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў працэсу, то бок, да Каці і да Арцёма Сарокіна. І што сям’я давала дазвол на публікацыю матэрыялу пра стан здароўя Рамана Бандарэнкі. Мне здаецца, гэта вельмі істотна.

РР: Хацеў бы ўзгадаць у сувязі з гэтым прысуд Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай. Актывізавалася міжнародная супольнасць. Еўрадэпутаты пачалі выказвацца чарговы раз пра тое, што няма свабоды слова ў Беларусі, што яны патрабуюць санкцый. Ці вось такая міжнародная рэакцыя нейкім чынам дапамагае ўвогуле ва ўсёй гэтай сітуацыі?

Марына Золатава: Па шчырасці акрамя заяваў я не бачу нейкай істотнай міжнароднай рэакцыі. Ад заяваў нікому не становіцца лягчэй. Што з таго, што міжнародныя арганізацыі зрабілі чарговую заяву? Лукашэнку ад гэта будзе больш балюча ці што? Важна, канешне, што людзі рэагуюць, што заўважаюць гэта, але, на жаль, пакуль у тым што адбываецца, я не бачу, што менавіта можа паўплываць на развіццё падзей.

Крымінальную справу на Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна завялі 19 лістапада 2020 году. Іх абвінавацілі ў выдаванні медычнай тайны, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу — 3 гады пазбаўлення волі. Аналіз крыві Рамана Бандарэнкі пры паступленні ў шпіталь паказаў адсутнасць алкаголю, пра гэта ж напісала і Кацярына Барысевіч. Вынікі аналізу і артыкул, які базаваўся на афіцыйных дадзеных, цалкам абверглі словы Лукашэнкі аб тым, што Бандарэнка нібыта быў п’яным.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Тут.бай