Павел Латушка: Лукашэнка дэманструе беларусам, што мы для яго рабы
Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы – гэтае пытанне абмяркоўваюць палітыкі і палітолагі.
І надалей невядома, насамрэч, пра што дамовы падпісаны ад імя народа і Рэспублікі Беларусь. „Усё гэта блеф, інсінуацыі і спекуляцыі”, – кажа ў відэазвароце кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка:
– Вырашаюць лёс беларускага народу, але ні слова не кажуць беларускаму народу, пра што дамаўляюцца, якія рашэнні прымаюць, якія планы будуюць. Яшчэ раз: Лукашэнка дэманструе беларусам, што мы для яго рабы, што мы для яго проста плебс, з якім не варта дзяліцца сваімі планамі і рашэннямі, таму што ён кіраўнік не зямлі беларускай, ён памазанец, які не абавязаны нікому ні пра што даваць справаздачу.
Дарожныя карты? Колькі? 30, 35, 40, 100? Пра што яны, што ў іх напісана, – гэта не трэба ведаць беларусам. Важна, што ведае пра гэта ён. Колькі яшчэ мы будзем трываць знявагі з боку гэтага чалавека, які ўявіў аб сабе, што толькі ён мае права вырашаць лёс людзей, не ставячы гэтых людзей ні ў што, не ставячы іх у вядомасць аб прымаемых нібыта ад імя народа рашэннях. А ў рэчаіснасці – аб рашэннях, накіраваных толькі на адно: захаванне яго ўлады і знішчэнне нашага суверэнітэту. Гэта поўную непавагу і пагарду да беларусаў.
Пуцін і Лукашэнка дамовіліся актывізаваць працу па лініі міністэрстваў абароны, эканомікі і развіцця і падатковых службаў, – заявіў прэс-сакратар Пуціна Пяскоў.
Нагадаем, Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 22 лютага ў Сочы. Па выніках сустрэч брыфінгу не было.
Беларускае Радыё Рацыя