Максім Кавалёў: Настрой вельмі аптымістычны



Якімі праблемамі зараз жыве студэнцтва? Як змяніўся яго настрой пасля пратэстаў? Ці нечага чакаюць студэнты ад вясны ў пратэстным плане? На такія пытанні даў адказы наш сённяшні “Госць Рацыі” – прадстаўнік Задзіночання беларускіх студэнтаў Максім Кавалёў.

РР: Якія зараз настроі пануюць сярод студэнтаў і чаму?

Максім Кавалёў: Настрой вельмі аптымістычны. У першую чаргу таму, што ў нас атрымалася стварыць Асацыяцыю беларускага студэнцтва, скажам так, якая паўстала на базе Задзіночання беларускіх студэнтаў. Трэба разумець, што ЗБС мае вельмі даўнюю гісторыю – каля 30 год. Але калі мы кажам пра ЗБС апошніх пяці гадоў, гэта было каля 500 прадстаўнікоў самых розных універсітэтаў. Але гэта не было неяк структуравана. На хвалі пратэстаў у Беларусі пачалі ўтварацца стачкамы як адказ на гвалт, які адбываецца ў краіне. Студэнты пачалі самаарганізоўвацца. Такім чынам, як я ведаю, у 16 універсітэтах утварыліся стачкамы, якія прасоўвалі інтарэсы гэтых універсітэтаў. На базе гэтага была створана студэнцкая ініцыятыўная група. Але гэта быў больш нефармальны орган камунікацыі. Зараз гэта ўсё набыло структуру. 15 універсітэтаў увайшлі ў ЗБС і тым самым утварылі Асамблею беларускіх студэнтаў, у якой існуе каля 13 працоўных груп, якія займаюцца юрыдычнай дапамогай, дапамогай студэнтам, якія адлічаны, якія з’яўляюцца палітвязнямі, і агулам праблемамі, з якімі сустракаецца студэнцтва не толькі ў гэты пратэстны час. Гэта, напрыклад, прымусовае размеркаванне, адмена закона аб адтэрміноўках у армію, ідэалагізацыя акадэмічнай супольнасці, выкананне дарожнай мапы Балонскага працэсу.

РР: Якой стане асноўная місія гэтай студэнцкай асацыяцыі? Чым яна павінна заняцца?

Максім Кавалёў: Па-першае, гэта прасоўванне студэнцтва як самастойных актораў у палітычных і грамадскіх працэсах. Студэнцтва пакуль не вылучаецца як самастойная група, якая мае голас. Зараз першасна стаяць мэты перад арганізацыяй – гэта прасоўванне павесткі аб спыненні гвалту, спыненні палітычнага пераследу, вызваленне студэнтаў, якія зараз знаходзяцца ў вязніцы. Гэта, канешне, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і новыя сумленныя выбары. Гэта калі казаць пра кароткатэрміновыя планы. А калі казаць агулам, то гэта якраз тое, пра што я ўжо казаў вышэй.

Максім Кавалёў звярнуў увагу, што да вясны студэнты прыйшлі з новымі сіламі. І пратэсты іх толькі падштурхнулі да пераасэнсавання праблемаў як ва ўніверсітэтах, так і па-за іх межамі.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя