На працэсе Аляксея Лапы засталося апошняе слова



Заключнае паседжанне па крымінальнай справе Аляксея Лапы перанесена на 3 сакавіка на 15.30.

***

У пятніцу, 26 лютага, па абедзе планавалася апошняе слова Аляксея Лапы – абвінавачанага гарадзенскага таксіста, якога 11 жніўня летась АМАПаўцы моцна збілі і пашкодзілі яму аўтамабіль-таксі. Пасля гэтага Аляксей апынуўся ў шпіталі хуткай дапамогі. Вядома, што памочнік пракурора Гародні Георгій Смольскі патрабуе тры гады турмы агульнага рэжыму. Абвінавачаны і адвакат поўнасцю не прызнаюць склад злачынства.

Апошняе судовае пасяджэнне было ў панядзелак, тады Аляксей Лапа не паспеў выступіць з апошнім словам.

Кажа праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель, які назірае за працэсам:

– Спачатку выступіў пракурор, а пасля абаронца таксіста Аляксея Лапы, які ўшчэнт разбіў доказную базу следства і ў судзе, і абвінавачванне пракурора Гародні. Аляксей Лапа прыме ўдзел у спрэчках таксама. Сёння, у пятніцу, выступіць, а потым суддзя агучыць прысуд па гэтай гучнай крымінальнай справе, самай працяглай, якая разглядаецца ў судзе з 4 лістапада.

Крымінальную справу Аляксея Лапы разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гародні Дзмітрый Кедаль. Аляксея Лапу абвінавачваюць паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса краіны  (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя