Агляд прэсы: на ростанях
Ці прайграла беларуская апазіцыя? Нямецкія СМІ разважаюць над Лівійскім фіяска Трампа. Новыя санкцыі і новыя вакцыны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
У Беларусі памнажаюцца судовыя працэсы ў дачыненні да праціўнікаў рэжыму. Так, на мінулым тыдні пачаліся слуханні па справе супраць некалі самага магутнага праціўніка Лукашэнкі, экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Да турэмнага зняволення за правядзенне прамой трансляцыі былі асуджаныя і дзве журналісткі. Напачатку гэтага тыдня адзін з судоў Беларусі прысудзіў юных удзельнікаў дэманстрацый да некалькіх гадоў турмы або працоўнай калоніі.
«Беларуская апазіцыя прайграла бітву, але не вайну», – лічыць венгерская газета Népszava:
Аўтар матэрыялу Руслан Шошын адзначае, што калі ў лістападзе мінулага года мастак Раман Бандарэнка быў да смерці забіты, «трон пад Лукашэнкам ужо захістаўся». Ён гэта зразумеў і замест масавага гвалту звярнуўся да іншага, па-д’ябальску дасканалага метаду – метаду адраснага запалохвання.
«Адзіны сродак пазбегнуць такога ўздзеяння для беларусаў, – гэта ўзмацненне арганізаванай палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якая пакуль што сфармавалася толькі часткова. Лукашэнка ўжо можа пачынаць зваротны адлік: рана ці позна любая дыктатура сама спараджае супраціў і з’яднанасць грамадства, неабходныя для яе звяржэння», – адзначае венгерскае выданне.
Нямецкая штодзённая газета Die Tageszeitung прыводзіць вынікі даследавання ААН: у 2019 годзе элітныя байцы амерыканскай фірмы наёмнікаў павінны былі ліквідаваць прызнаны міжнароднай супольнасцю ўрад Лівіі пры дапамозе аперацый у Трыпалі і прывесці да ўлады генерала Хафтара, які падтрымліваецца сярод іншых і Расеяй. «Але Праект Opus «праваліўся», – піша журналіст Мірка Кайльберт. «Сама сітуацыя нагадвае вострасюжэтны галівудскі фільм: двойчы элітныя байцы спрабавалі зрынуць урад нацыянальнага адзінства, двойчы пацярпелі правал, беглі, перамяшчаючыся на надзіманых лодках па Міжземным моры. Гэты палітычнае штукарства паказвае, наколькі свет уцягнуты ў лівійскі канфлікт».
Нямецкае выданне канстатуе, што сёння канфлікт паміж Хафтарам і ўрадам у Трыпалі застаўся ў мінулым. Пры дапамозе Турцыі летась урадавыя фармаванні адціснулі войскі Хафтара. Быў уведзены рэжым спынення агню, а на перамовах у Швейцарыі прызначаны новы ўрад. Аднак узгоднены вывад наймітаў з Лівіі, сярод якіх ёсць і чальцы расейскай групы «Вагнер», так пакуль і не пачаўся.
Міністры замежных спраў краін ЕЗ дасягнулі дамоўленасці аб новых антырасейскіх санкцыях. Пры гэтым быў выкарыстаны механізм увядзення санкцый супраць чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць правоў і свабод чалавека. У артыкуле фінскай газеты Ilta-Sanomat фіксуецца крызіс між ЕЗ і Расеяй ды робіцца выснова, што новыя санкцыі носяць толькі сімвалічны характар.
«У Брусэлі наўрад ці хто-небудзь разлічвае на тое, што Расея зменіць з-за іх сваю палітыку і вызваліць Навальнага. Эфект быў бы больш сур’ёзны, калі б было прынята рашэнне замарозіць рахункі ўплывовых алігархаў альбо калі б санкцыі былі накіраваны на расейскую эканоміку», – адзначае фінскае выданне. Паводле артыкулу ў любым разе санкцыі набываюць вагу ў свеце. Яны абмяжоўваюць выхад расейскіх банкаў на замежны рынак капіталаў і абцяжарваюць выкарыстанне нафтавых і газавых радовішчаў на арктычных тэрыторыях.
«З’яўленне новых мутацый каронавірусу змушае лабараторыі адаптаваць свае вакцыны, органы аховы здароўя – вынаходзіць новыя нарматыўныя працэдуры, а дзяржавам – пераглядаць свае стратэгіі вакцынацыі», – пішуць журналісты Le Monde Натаніэль Эрцберг і Хлоя Эберхардт.
Выданне паведамляе, што на сённяшні дзень у Еўразвязе сертыфікат маюць тры вакцыны: Pfizer-BioNTech, Moderna, AstraZeneca. Чацвёртая вакцына, распрацаваная Johnson & Johnson у выглядзе аднаразовай дозы, павінна прайсці сертыфікацыю ў сярэдзіне сакавіка і прыбыць у Францыю ў траўні, а ўслед за ёй вакцыны CureVac і Novavax.
«Аднак у адрозненне ад грыпу, які схільны да сезоннай карэкціроўкі, Covid-19 выклікае непрадказальны рытм і мутацыі. Каб заставацца ў гонцы, лабараторыям прыходзіцца выбіраць паміж некалькімі стратэгіямі», – піша Le Monde. Зараз прамысловасць і акадэмічныя даследаванні шукаюць вакцыну другога пакалення, здольную абараняць ад некалькіх варыянтаў адначасова.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка