Віцебская блогерка Алена Янушкоўская з’ехала ў Кіеў
Аднак стваральніца відэаблогу і шэрагу суполак у сацыяльных сетках пад агульнай назвай “Настоящая Беларусь” не збіраецца спыняць сваёй блогерскай дзейнасці.
Пра гэта Алена Янушкоўская паведаміла сваім падпісчыкам:
– У сілу такіх акалічнасцяў, якія вакол мяне склаліся, – пасля такой пільнай увагі да мяне і да маёй сям’і з боку карных органаў мне давялося пакінуць Беларусь. Я не спыняю сваёй дзейнасці, хаця гэта ўсё вельмі цяжка, і я скажу адно: няхай ведаюць, што я ніколі не дарую таго, што мне давялося пакінуць Радзіму.
Блогерка кажа, што цяпер яна спакойная за сваю сям’ю: у Кіеў разам з Аленай Янушкоўскай з’ехала і яе дачка Юлія Уласенка з дзецьмі, якую таксама не аднойчы каралі штрафамі пасля апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Што да блогеркі, то ёй давялося перажыць некалькі арыштаў на “суткі”, бо суддзяў не бянтэжылі ні наяўнасць хранічных захворванняў, ні 3-я група інваліднасці 55-гадовай Алены Янушкоўскай.
З Кіева яна ўжо зрабіла першы стрым – з удзелам яшчэ адной уцякачкі, а раней жыхаркі Пастаўскага раёну Ганны Федаронак. Ёй таксама давялося зазнаць пераслед з боку сілавых структураў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск