Віктар Адзіночанка: У СССР свята 8 сакавіка было пазбаўлена першапачатковага сэнсу



У Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята Міжнародны дзень жанчынаў. Вытокі святкавання 8 сакавіка звязаныя з барацьбой жанчынаў за сацыяльныя і палітычныя правы яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак, паводле кандыдата філасофскіх навук Віктара Адзіночанкі, у савецкія часы гэтае свята пазбавілася першапачатковага сэнсу.

– Гэта сацыялістычнае свята. У Савецкім Саюзе яно мела адкрыта скажоны характар. Прадстаўлялася, што гэта проста Міжнародны жаночы дзень. На самой справе, калі яно зараджалася, – гэта дзень салідарнасці працоўных жанчын у барацьбе за свае правы. У гэты дзень жанчыны не павінны браць нейкія падарункі – цукеркі, кветкі – а яны павінны змагацца за свае правы.

У сям’і гомельскай грамадскай дзяячкі Юнэлі Сальнікавай прынята адзначаць свята 8 сакавіка.

– Калі была маленькая, бацькі адзначалі ўсе гэтыя святы. Таму што гэта адзначаецца на працы, канешне, гэта пераносіцца і ў сям’ю. Ну як адзначаецца? Людзям усё роўна патрэбныя нейкія святы, і няхай гэтае свята будзе звязаным з такім больш зразумелым паняткам, як мужчыны і жанчыны, чым рэвалюцыя, ці Дзень працы.

Міжнародны дзень жанчынаў на дзяржаўным узроўні адзначаецца амаль у 30 краінах свету, сярод якіх у асноўным посткамуністычныя дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя