Украіна разглядае пытанне ўвядзення санкцый у дачыненні да ўлад Беларусі



Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль даручыў МЗС, Мінэканомікі і Дзяржпагранслужбе вывучыць пытанне ўвядзення санкцый у дачыненні да чыноўнікаў і бізнесменаў Беларусі, блізкіх да ўладаў. Гэта вынікае з ліста, які атрымаў дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка (фракцыя былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі „Еўрапейская салідарнасць”) з урада за подпісам прэм’ера.

„На ваш зварот наконт магчымасці ўнясення на разгляд Савета нацбяспекі і абароны Украіны прапаноў аб прымяненні санкцый да беларускіх асоб паведамляем, што МЗС, Мінэканомікі і адміністрацыі Дзяржпагранслужбы даручана разгледзець гэта пытанне”, — гаворыцца ў адказе Шмыгаля на запыт Ганчарэнкі.

Афіцыйны адказ прэм’ера ўкраінскі дэпутат апублікаваў у сваім Telegram-канале.

Ён звяртае ўвагу, што Еўрапейскі саюз, Вялікабрытанія і ЗША ўводзяць санкцыі супраць афіцыйных асоб Беларусі і бізнесменаў, якія блізкія да цяперашніх беларускіх уладаў, і здзіўляецца, чаму Украіна не ўводзіць санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў, „у якіх ёсць актывы і фінансавыя рахункі ва Украіне”.

„Спадзяюся, урад, Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і іншыя адказныя органы разгледзяць гэта пытанне і санкцыі ў дачыненні да блізкага атачэння Лукашэнкі будуць уведзеныя як мага хутчэй”, — напісаў Ганчарэнка.

На мінулым тыдні Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў рашэнне аб вяртанні ў дзяржаўную ўласнасць трубаправода, які быў прызначаны для прапампоўкі нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну і з’яўляецца ўласнасцю беларускага бізнесмена Мікалая Вараб’я.

belapan.by