Тры гады пазбаўлення волі атрымаў кіраўнік магілёўскага філіяла «Белгазпрамбанка»



Да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асуджаны кіраўнік магілёўскага філіяла «Белгазпрамбанка» Сяргей Кармызаў.

Вердыкт вынес суд Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Суддзя Жанна Пушкіна прызнала Кармызава вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, учыненым з карыслівай зацікаўленасці. Банкір нібыта арганізаваў выдачу крэдыту памерам 75 тысяч рублёў і меў намер атрымаць за гэта грашовае ўзнагароджанне.

Банкір павінен выплаціць 300 базавых велічынь штрафу (ці 8700 рублёў). Ён пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады на працягу пяці гадоў.

Кармызава затрымалі 12 чэрвеня мінулага года пасля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанка», а таксама ў шэрагу прыватных кампаній і ў людзей, звязаных з Віктарам Бабарыкам, тады патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты і былым кіраўніком банка. Сам Кармызаў быў сябрам ініцыятыўнай групы Бабарыкі, якога арыштавалі 18 чэрвеня.

На разгляд справы журналістаў незалежных СМІ не пусцілі. Міліцыянты, якія стаялі ля ўваходу ў залу, спаслаліся на яго запоўненасць і неабходнасць забяспечваць бяспеку ўдзельнікаў працэсу. Яго асвятлялі журналісты дзяржаўных СМІ. «СБ. Беларусь сегодня» паведаміла, што падсудны віну цалкам прызнаў і аплаціў 8 тысяч рублёў па пазове пацярпелай Святланы Цэдзік. Тая зняла прэтэнзіі да Кармызава. Таксама калектыў банка прасіў суд улічыць станоўчую характарыстыку абвінавачанага.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by