Агляд прэсы: не абарачацца назад



Эстонская выведка папярэджвае, што Беларусь становіцца ваеннай акругай Расеі. У Арменіі Нікол Пашынян сутыкнуўся з фрондай ваенных. Ці хутка скончыцца пандэмія? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Украінскае выданне „Тэлеграф” прыводзіць дадзеныя эстонскай выведкі, якая назвала Беларусь найбольш верагоднай тэрыторыяй, адкуль Расея можа ўварвацца ва Украіну і краіны Балтыі.

Выданне цытуе кіраўніка дэпартамента знешняй выведкі Эстоніі Міка Мару, які прагназуе рэакцыю Масквы ў выпадку перамогі беларускай апазіцыі на пратэстах: «Калі Расея ўбачыць, што пратэстоўцы блізкія да перамогі, мы не зможам выключыць ваеннае ўмяшальніцтва Расеі, паколькі Рэспубліка Беларусь надзвычай важная для Масквы ў стратэгічным плане».

У гэтым годзе таксама запланаваныя расейска-беларускія вучэнні «Захад», і сіла непрызнанага прэзідэнта Лукашэнкі ўсё больш залежаць ад падтрымкі Расеі, у тым ліку ў ваеннай сферы.

«Улічваючы геаграфічнае размяшчэнне і тэрытарыяльны ахоп, Беларусь з’яўляецца неабходнай буфернай зонай для Расеі і выконвае свае задачы на заходнім стратэгічным напрамку. Падчас крызісу альбо вайны Расея можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм і размясціць там свае войскі, перакрываючы доступ НАТА да Сувалкскага калідору, які забяспечвае рух у паветранай прасторы суседніх краін і ўсталёўвае наземную сувязь з Калінінградскай вобласцю Расеі», – піша „Тэлеграф”.

«Вайна скончылася тры месяцы таму, але раны застаюцца адкрытымі. У чацвер у Ерэване, сталіцы Арменіі, адбылося небяспечнае супрацьстаянне масавых акцый прыхільнікаў і праціўнікаў прэм’ер-міністра Ніколы Пашыняна. Ён заявіў пра «спробу дзяржаўнага перавароту» пасля таго, як Генштаб УС Арменіі запатрабаваў ягонай адстаўкі. Кіраўнік выканаўчай улады выйшаў на плошчу з мегафонам у руках, імкнучыся мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, нягледзячы на тое, што ён, здавалася, у вышэйшай ступені саслаблены ваенным разгромам сваёй краіны ў вайне з Азербайджанам», – піша журналіст швейцарскай газеты Le Temps Луі Лема.

У артыкуле ўвага канцэнтруецца на тым, што на працягу трох месяцаў у Пашыняна было дастаткова часу, каб справіцца з постканфліктным крызісам. Але ён зрабіў усё, каб пазбегнуць такіх пытанняў. «Прэм’ер-міністру не ўдалося пазбавіцца ад сваёй дакучлівай ідэі аб барацьбе са сваімі папярэднікамі і зацвердзіцца ў якасці сапраўднага лідара ўсёй краіны», – перадае Le Temps.

Цэнтральнае месца ў дакорах у бок Пашыняна займае расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», куплены Арменіяй за 42 мільёны даляраў і які, паводле наяўнай інфармацыі, так і не спрацаваў.

Нямецкае выданне Frankfurter Rundschau вагаецца з прагнозам адносна таго, калі чакаць заканчэння пандэміі.

«СААЗ, пэўна, зыходзіць з таго, што пандэмія скончыцца ўжо праз некалькі месяцаў, што звязана з памяншэннем колькасці новых заражэнняў ва ўсім свеце», – піша выданне і прыводзіць выказванне эпідэміёлага, вірусолага і былога работніка СААЗ Клаўса Шцёра аб тым, што ацэнка мутацый віруса памылковая. Ён параўнаў пандэмію каронавірусу з двума пандэміямі грыпу, азіяцкага грыпу і Ганконскага грыпу. У абодвух выпадках інфекцыйная актыўнасць спадала так жа хутка, як і з’яўлялася. Але цалкам вірусы не зніклі.

«Меркаванне Шцёра  падмацвана і новым даследаваннем у ЗША, якое нядаўна было апублікавана ў навуковым часопісе Science. Згодна з ім каронавірус будзе развівацца «эндэмічна», – гэта значыць распаўсюджвацца толькі лакальна», – папярэджвае Frankfurter Rundschau.

Нямецкі часопіс Der Spiegel звяртае ўвагу на тое, што Гальфстрым служыць нашай планеце ў якасці магутнай цеплавой помпы і ў значнай ступені вызначае клімат. Але аналіз новых дадзеных паказаў, што сістэма пагражае страціць раўнавагу.

«За больш чым тысячу гадоў сістэма Гальфстрыму не была настолькі слабой, як у апошнія дзесяцігоддзі, – піша выданне. – Гэта трывожна, бо гіганцкая цыркуляцыя акіяна з’яўляецца адной з найважнейшых сістэм пераносу цяпла на Зямлі: яе паслабленне можа пацягнуць за сабой адчувальныя наступствы для клімату».

Паводле Der Spiegel, камбінацыя дадзеных паказала, што пасля доўгага і адносна стабільнага перыяду, прыкладна з 1850 года, назіралася пачатковае паслабленне  Гальфстрыму з больш прыкметным спадам, пачынаючы з сярэдзіны XX стагоддзя.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка