Дзень Волі з беларускімі музыкамі? (абноўлена)



„Незалежнасць, салідарнасць з Украінай, пратэст супраць антыдэмакратычных улад Беларусі” – пад такімі  лозунгамі пройдуць сёлетнія святкаванні дня волі. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл 9 сакавіка пададуць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі. Як паведаміў намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, у гэтым годзе арганізатары плануюць прыцягнуць да святкаванняў беларускіх музыкаў.

– Рух “За свабоду” і прадстаўнік нашай моладзевай структуры Мікіта Семяненка агучылі сваю прапанову. Яна палягала на правядзенні святочнай канцэртнай часткі. Гэта ўжо будзе залежыць ад вынікаў перамоў з патэнцыйнымі выступоўцамі. І мы іх планавалі правесці акурат у панядзелак-аўторак.

25 сакавіка апазіцыя традыцыйна адзначае гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Плануецца правесці шэсце ад станцыі метро „Акадэмія навук” да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы Народаў.

* * *

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл маюць намер 9 сакавіка падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі. Такое рашэнне было прынятае на сойме БНФ, паведаміў намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў. Тэматыка мерапрыемства — „незалежнасць, салідарнасць з Украінай, пратэст супраць антыдэмакратычных улад Беларусі”.

– Вызначылі фармат. У нас адказны за гэта Аляксей Янукевіч. Ён будзе ад партыі БНФ падпісваць заяўку разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый. І аргкамітэтам зараз фармуецца праграма. Будзе, як і ў мінулыя гады, шэсце.

25 сакавіка апазіцыя традыцыйна адзначае гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Плануецца правесці шэсце ад станцыі метро „Акадэмія навук” да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы Народаў. Акцыя адбудзецца пад лозунгам „Разам за мір і незалежнасць!”

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя