Беластоцкая «Ягелонія» прайграла «Пясту»



Беластоцкая «Ягелонія» прайграла на хатняй арэне «Пясту» Глівіцэ ў 19-м туры польскай футбольнай экстракласы. З 59-й хвіліны «Яга» гуляла ў меншасці пасля выдалення Блажэя Аўгустына. Адзіны да таго ж кур’ёзны гол быў забіты на апошняй хвіліне даданага да гульні часу Цьяга Алвешам.

Каментуе трэнер беластачанаў Рафал Гжыб, які замяняў захварэлага галоўнага трэнера каманды.

– Гэтая “чырвоная картка”, вядома, змяніла ход матчу. Ці было гэта слушна, іншая справа. Але трэба адзначыць, што крыху няўдала мы пачалі ў першыя хіліны матчу, „Пяст” дамінаваў. У нас было шмат простых страт, якія дапамаглі суперніку. Але потым мы выпрацавалі дзве выдатныя сітуацыі, і калі б мы іх выкарысталі, гульня, напэўна, атрымалася б па-іншаму. Я ганаруся хлопцамі, якія змагаліся да канца ў гэтыя цяжкія моманты для каманды і клуба, і не толькі па праблемах здароўя, але і на полі. Такія сітуацыі бываюць адзін раз у жыцці, і я спадзяюся, што мы іх пазбегнем.

«Ягелонія» пасля 19-ці тураў знаходзіцца на 8-й пазіцыі ў турнірнай табліцы. Наступны матч беластоцкая дружына згуляе 6 сакавіка ў гасцях у «Заглембе» Любін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: poranny.pl