Віктар Марчык: Зараз час працуе на карысць рэжыму
Толькі масавы выхад людзей на вуліцы і салідарныя дзеянні ўсіх груп насельніцтва здольныя змяніць сітуацыю ў краіне. Такое меркаванне выказаў нашаму радыё слонімскі актывіст Віктар Марчык.
На яго думку, цяпер трэба працаваць з прадпрымальнікамі, студэнтамі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі і так далей, а таксама па магчымасці з сілавікамі. Актывіст не бярэцца зрабіць прагноз, калі магчымая чарговая масавая акцыя пратэсту, але зазначае, што часу застаецца не шмат:
– Цяпер час ідзе на карысць рэжыму. Нам трэба чым хутчэй, тым лепей, але арганізаваць акцыю абы-як, абы хутчэй – гэта таксама не выйсце. Калі б зараз гэтая другая хваля пратэстаў правалілася, то трэцяй хвалі можа ўжо і не быць. Людзі пачнуць нехта з’язджаць, нехта падстройвацца… Трэба, каб да пратэсту ўсе групы былі гатовы: і студэнты, і медыкі, і інтэлігенцыя, і сілавікі па магчымасці, абавязкова, каб спыніліся прадпрымальнікі, каб не плацілі падаткі.
“Таксама вельмі важныя санкцыі Еўрапейсказа звязу, але яны павінны быць больш жорсткімі”, – дадае Віктар Марчык. Бліжэйшай датай масавай акцыі магло б быць 25 сакавіка, але актывіст сумняецца, што да гэтай даты грамадства здолее сабрацца з сіламі і арганізаваць масавы народны пратэст.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя