Суд Бярозы пакараў штрафамі за здымак з бел-чырвона-белымі сцягамі
Па 40 базавых штрафу за здымак, на якім не відаць асоб, што стаяць з бел-чырвона-белымі сцягамі на дачным участку. Але бярозаўскім міліцыянтам захацелася, каб адказнымі сталі з 16 чалавек на здымку – трое. Гэта Уладзімір Зубрыцкі, Валянціна Тарасюк і Іван Берынчык.
Суддзяў, вядучых працэс 26 лютага, – старшыню Бярозаўскага суда Наталлю Вакульчык і суддзю Наталлю Мінчанку задаволілі сведчанні міліцыянтаў пра міфічнага сведку, які расказаў, хто на здымку, але яны не запомнілі, дзе стаяць абвінавачаныя, кажа Іван Берынчык:
– Аштрафавалі за тое, што сведка, які вырашыў застацца інкогніта, сказаў, што я там знаходзіўся. Што я там фатаграфаваўся. Сам міліцыянт проста не адзначыў дзе. А што там я ёсць, ён упэўнены ў гэтым.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, судовыя працэсы не вытрымліваюць ніякай крытыкі, як і „расследаванні” міліцыянтаў:
– На гэты флэшмоб ніяк не распаўсюджваецца дзеянне Закона аб масавых мерапрыемствах. І значыць яго ўдзельнікі не парушалі. І нічым не даказаны ўдзел канкрэтных асоб. Фактычна ідзе пераслед людзей за іх грамадскія, палітычныя меркаванні.
Месяц пытаннем здымка займаўся крымінальны аддзел. Але на судзе міліцыянты не змаглі паказаць, дзе стаяць абвінавачаныя. Астатнія 13 са здымка, па словах міліцыянтаў, хаваюцца. Але гэта чарговая хлусня, канстатуюць сапраўдныя ўдзельнікі здымка.
На фота: суддзя Наталля Мінчанка
На фота: Старшыня суда Наталля Вакульчык
Беларускае Радыё Рацыя