Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі „Аўтадору” у лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі 13-ю паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ.
Падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі ў Саратаве мясцоваму „Аўтадору” з лікам 66:113. У першым крузе гэтыя супернікі сустракаліся ў Менску, і тады саратаўскі клуб выйграў 86:68. У папярэдніх сустрэчах менчукі святкавалі толькі дзве вікторыі і па-ранейшаму займаюць апошняе, 13-е месца, у турнірнай табліцы. Наперадзе „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга і „Унікс”, якія набралі па 32 ачкі, на 4 балы менш у польскага клуба „Зялёна Гура” і краснадарскага „Лакаматыва-Кубані”. Свой наступны матч менскія „Цмокі” правядуць 7 сакавіка ў гасцях у маскоўскага ЦСКА.
Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка прайграла ў фінале турніру ў Маскве
Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка, якая мае 362-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прайграла ў фінале турніру ITF у Маскве. У вырашальным паядынку беларуска саступіла польскай тэнісістцы Уршулі Радваньскай – 6:4, 3:6, 4:6. На шляху да фіналу ў расейскай сталіцы беларуска перамагла расеек Кацярыну Маклакову, Валерыю Юшчанку і Насту Захараву, а таксама прадстаўніцу Швецыі Жаклін Кабай Авад.
Беларускія баксёры выйгралі 12 узнагарод міжнароднага турніру памяці Аляксея Юкава ў Гомелі
Беларускія баксёры выйгралі 12 узнагарод рознай вартасці на міжнародным турніры памяці Аляксея Юкава, сярод спартоўцаў 2002-2003 гадоў нараджэння, які завяршыўся ў Гомелі. Найбольш удала спаборніцтвы склаліся для Кірыла Леванькова ў вазе 56 кг і Андрэя Віктаровіча – яны сталі ўладальнікамі залатых медалёў. Старты ў Гомелі ўваходзяць у спаборніцкі каляндар Еўрапейскай канфедэрацыі бокса. Для беларускіх спартоўцаў ён стаў адным з ключавых этапаў адбору на чэмпіянат свету ў дадзенай узроставай катэгорыі.
Фанаты БАТЭ, берасцейскага «Дынама» і яшчэ 8 клубаў заявілі пра байкот матчаў беларускай лігі
Фанацкія арганізацыі 10 клубаў Вышэйшай лігі Беларусі абвясцілі пра байкот матчаў чэмпіянату з-за палітычнай сітуацыі ў краіне. Наведваць матчы адмовіліся фанаты БАТЭ, салігорскага «Шахцёра», берасцейскага «Дынама», «Слуцка», «Віцебска», «Маладзечна» і «Нёмана». Ледзь пазней да байкоту далучыліся фанаты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», сталічных «Менска» і «Тарпеда». «Лічым, што гэта будзе блюзнерствам у дачыненні да рэпрэсаваных за апошнія паўгады па „прыцягнутых за вушы нагодах” хлопцаў з нашага і іншых фанацкіх рухаў краіны. Нашы думкі – з загінулымі і пацярпелымі за сваю пазіцыю сябрамі грамадзянскай супольнасці і іх сем’ямі», – гаворыцца ў звароце фанатаў берасцейскага «Дынама».
«Чэлсі» і «МЮ» упершыню з 1922 года скончылі абодва матчы ў чэмпіянаце нулявой нічыёй
У Лондане на стадыёне «Стэмфард Брыдж» адбыўся цэнтральны матч 26-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Чэлсі» – «Манчэстар Юнайтэд». Сустрэча завяршылася ўнічыю – 0:0. «Чэлсі» і «Манчэстар Юнайтэд» згулялі ўнічыю з лікам 0:0 у абедзвюх сустрэчах у чэмпіянаце ўсяго другі раз у гісторыі, прычым апошні раз гэта адбылося ў першай палове XX стагоддзя – у сезоне-1921/1922. Матч першага круга «Манчэстар Юнайтэд» – «Чэлсі» адбыўся 24 кастрычніка мінулага года і таксама завяршыўся ўнічыю — 0:0. «Манчэстар Юнайтэд» набраў у 26 матчах 50 ачкоў і займае другое месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі, адстаючы ад лідара «Манчэстар Сіці» на 12 ачкоў. «Чэлсі» мае 44 ачкі – і на 5-м месцы. «Ліверпуль» абыграў «Шэфілд Юнайтэд» 2:0 і перапыніў чатырохматчавую серыю паразаў у АПЛ. «Атлетыка» выйграў у гасцях у «Вільярэала» 2:0 і ўмацаваў лідарства ў Прымеры. У серыі «А» «Мілан» на выездзе перайграў «Рому» 2:1 і скараціў адставанне ад першага месца, якое займае «Інтэр», на 4 ачкі. У матчы 27-га тура французскай Лігі 1 «Марсэль» згуляў унічыю з «Ліёнам» 1:1. У канцы першага тайма польскі нападнік «Марсэля» Аркадыўш Мілік зраўняў лік, рэалізаваўшы пенальці. «Марсэль» мае 39 ачкоў і знаходзіцца на сёмым месцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота bc-tsmoki.by