Агляд прэсы: у чаканні вясны



Беларусь рыхтуецца да вясновых пратэстаў. Ці крануўся лёд у ядзерных дамоўленасцях між ЗША і Іранам? Міхаілу Гарбачову спаўняецца 90 год. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Першы дзень вясны французская газета Le Figaro вітае артыкулам пад назвай: «Беларусь: жорстка падушаная апазіцыя шукае другое дыханне». Як прызнала на днях сама Святлана Ціханоўская, апазіцыя панесла паразу, але ўсё яшчэ на плыву.

«Яе прыхільнікі перакананыя ў будучай перамозе, маюць намер працягнуць барацьбу і чакаюць вяртання цёплага надвор’я, каб масава выйсці на вуліцы і прадэманстраваць сілу», – піша выданне.

Le Figaro адзначае, што рэпрэсіі прымаюць усё больш абсурдныя формы і цытуе адну з удзельніц пратэстаў у Беларусі: «Людзям проста трэба ўзяць тайм-аўт. Трэба падумаць, што рабіць далей, як арганізоўвацца, таму што пакуль гэта не працуе. Але рух усё роўна не спыніць».

Адміністрацыя Джо Байдэна дала зразумець, што не супраць аднавіць перамовы з Тэгеранам аб ядзернай здзелцы, заключанай у 2015 годзе і пазней скасаванай Трампам у аднабаковым парадку. Раней Тэгеран паведаміў, што ў будучыні мае намер адмовіцца ад добраахвотных мер прадастаўлення справаздачнасці, паколькі ЗША да гэтага часу не адмянілі прынятыя пры Трампе санкцыі. Еўрапейская прэса спрабуе зразумець, якія матывы стаяць за ініцыятывай Вашынгтону.

Прынамсі румынская газета Adevărul адзначае, што такія крокі цалкам у інтарэсах НАТА, паколькі дазволяе альянсу «вынайсці сябе нанова», што немагчыма, калі ЗША не будуць падтрымліваць альянс на ранейшым узроўні. Але перш за ўсё гэта ажывіла б ідэю шматпалярнага альянсу. «Магчыма, кіраўніцтва ЗША і краін ЕЗ захочуць паспрабаваць выкарыстаць еўрапейскія кантакты, каб пагасіць патэнцыйныя небяспечныя канфлікты», – рэзюмуе выданне.

Швецкая газета Dagens Nyheter канстатуе, што Расея рупліва вартуе Арктыку і не пускае туды супернікаў. «У 2007 годзе расейская экспедыцыя размясціла сцяг РФ на марскім дне пад Паўночным полюсам. Гэта цалкам ўпісваецца ў стратэгію Крамля: Арктыка – наша», – піша аўтар матэрыялу, Ганна-Лена Лаўрэн.

Паводле шведскага выдання, Расею цікавяць у першую чаргу прыродныя рэсурсы і кантроль над новым марскім маршрутам – Паўночным марскім шляхам. Мэта ўсяго – зрабіць Запаляр’е ўнутрырасійскім пытаннем на базе ўласнага атамнага ледакольнага флоту.

«Расея мадэрнізуе свае ваенныя базы ў Запаляр’і. Велізарныя рэсурсы ўкладваюцца ў вытворчасць узбраенняў спецыяльна для суровых халадоў. У той жа час Расея нацэлена на стоадсоткавы кантроль Паўночнага марскога шляху. Гэта новы фарватэр з Еўропы ў Азію, які адкрываецца з раставаннем ільдоў. Расея разлічвае на транзітныя зборы і прыбытак з ледакольнай праводкі гандлёвых судоў. Відавочна, што ў Крамля ў Арктыцы адна мэта: прыбраць да рук усё, што дрэнна ляжыць», – падсумоўвае Dagens Nyheter.

Напярэдадні вялікага юбілею Міхаіла Гарбачова, які ў гэтым годзе адсвяткуе 90-годдзе, аўстрыйская газета Wiener Zeitung разбіраецца, чаму Гарбачова любілі ў Еўропе і крытыкавалі ў Расеі. Ці праўда, што ён быў слабым кіраўніком, але вялікім рэфарматарам? «Немцы лічаць яго бацькам германскага адзінства», – адзначае выданне.

І па гэты дзень Гарбачоў лічыцца сімвалам свабоды як кіраўнік Крамля, які не толькі зрабіў магчымым аб’яднанне Германіі, але і надаў і іншым апекаванцам Масквы – дзяржавам ўсходняга блоку – свабоду дзеянняў. Ён стаў відавочцам таго, як у эпоху пераменаў ад СССР у рэшце рэшт адвярнуліся балтыйскія краіны – і ў выніку зрынулася ўся камуністычная імперыя, якую Масква падтрымлівала сілай.

Пры гэтым Wiener Zeitung канстытуе, што Гарбачоў рэгулярна ўстае на бок Пуціна ў пытаннях знешнепалітычнага курсу, у тым ліку і далучэння ўкраінскага Крыму, але пры гэтым раз-пораз крытыкуе рост рэпрэсіяў супраць іншадумцаў і перасцерагае ад усталявання дыктатуры.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка