Віктар Лукашэнка вызвалены ад абавязкаў памочніка па нацбяспецы



Віктар Лукашэнка вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы „ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду”.

Адпаведны ўказ падпісаны 26 лютага, аднак прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра гэта 1 сакавіка. Іншым указам, ад 1 сакавіка, Віктару Лукашэнку прысвоена званне генерал-маёра запасу.

Віктар Лукашэнка — старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі — 26 лютага быў абраны прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. На гэтай пасадзе ён змяніў бацьку, які ўзначальваў НАК з 1997 года.

На справаздачна-выбарным сходзе НАК Лукашэнка-старэйшы заявіў: „Шмат ж вы ж чуеце размоў: транзіт улады, вось тут цяпер Лукашэнка старэйшаму як мінімум перадасць уладу, ён будзе кіраваць у краіне. Я часта казаў, што ў нашай сям’і гэта ніколі не абмяркоўвалася і абмяркоўвацца не можа. Таму што ніводнае маё дзіця прэзідэнтам у Беларусі не будзе пасля мяне. І Віктар, калі вы яго выбераце, не будзе дзяржаўным служачым. Ён сёння ж будзе звольнены з пасады памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы з усімі наступствамі”.

Памочнікам прэзідэнта па нацбяспецы старэйшы сын Лукашэнкі, які нарадзіўся ў 1975 годзе, быў прызначаны ў 2005 годзе.

Віктар Лукашэнка з красавіка па лістапад 2019 года быў выканаўцам абавязкаў першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі, з 19 лістапада 2019 года — першы віцэ-прэзідэнт НАК.

belapan.by