Юрыю Дзешуку прысудзілі штраф 50 базавых велічынь (абноўлена)



Штраф 50 базавых велічынь – такую пастанову ў дачыненні да незалежнага журналіста з Бярозаўкі вынес сёння, 1 сакавіка, раённы суд у Лідзе.

Яго звінавацілі ў парушэнні адміністрацыйнага артыкула 23.34 частка 3-я.  Справа была распачата па выніках падзей у судзе над мясцовым актывістам Вітольдам Ашуркам, міліцыянты палічылі іх несанкцыянаваным пікетам.

– Лідскі суд асудзіў мяне сёння па адміністрацыйнай справе нібыта за ўдзел у пікеце, нібыта на судзе над Вітольдам Ашуркам, які быў 18 студзеня. Усе мае довады аб тым, што я быў выключна на судзе, а не на нейкім пікеце ці на нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве, суд не ўспрыняў. Прыняў да ўвагі толькі паказанні таго  міліцыянта, які прыйшоў і казаў, што я там крычаў, што я там размахваў бел-чырвона-белым шалікам.

Пасля суда над Юрыем Дзешуком былі затрыманы два чалавекі, якія выступалі сведкамі на судовым разглядзе. Затрымалі менскую журналістку Вольгу Быкоўскую і Яўгена Лукашэвіча з Бярозаўкі. Іх дзве гадзіны трымалі ў аддзяленні міліцыі ў Лідзе, пасля чаго адпусцілі.

Беларускае Радыё Рацыя