Сёння працяг суда над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным
Улады закрылі працэс журналісткі TUT. BY і лекара, каб не дыскрэдытавацца,– кажа намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Там уважліва сочаць за гэтым працэсам, бо ён таксама датычыць «справы Рамана Бандарэнкі». Раней двух журналістак тэлеканала, якія вялі стрым з акцыі памяці мастака, таксама асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі.
„Падобныя гэтыя суды толькі тым, што абсурдна выглядаюць абвінавачванні”, – звяртае на гэта ўвагу Аляксей Дзікавіцкі:
– Тут не ідзе гаворка толькі пра «Белсат» ці TUT.BY, гаворка ідзе пра ўсіх незалежных журналістаў. Мы павінны трымацца разам, бо іначай паасобку нас могуць знішчыць. Працэс Кацярыны Барысевіч – гэта таксама абсурд, калі яе абвінавачваюць у разгалошванні лекарскай таямніцы і што гэта нанесла шкоду зацікаўленым асобам. Дык тут адна зацікаўленая асоба ўжо, на жаль, уладамі забітая, а маці Рамана Бандарэнкі ніякіх прэтэнзій не мае да Кацярыны Барысевіч і TUT.BY. І таму гэта абсалютны абсурд.
Журналістку TUT. BY Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна вінавацяць у раскрыцці медычнай таямніцы пра стан забітага Рамана Бандарэнкі: за фота дакументу, што ў ягонай крыві не было выяўлена этанолу.
Працэс працягнецца сёння, 2 сакавіка, а 10:30. Пасля спрэчак бакоў стане вядома, калі будзе вынесены прысуд. Судовы працэс пачаўся 19 лютага. Паводле ч. 3 арт. 178 КК («Раскрыццё медычнай таямніцы») Кацярыне Барысевіч і Арцёму Сарокіну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя