Пра парушальніц з кнігамі



Хутка ў Беларусі будуць судзіць за тое, што чалавек дыхае. Ну, а што: усе дыхаюць, то бок гэта нейкае сумеснае дзеянне, а значыцца, можна палічыць цэлым мітынгам.

Раней затрымлівалі за пікеты і мітынгі, потым за бчб-сцягі. А цяпер вось за беларускамоўныя кнігі, якія пенсіянеркі чыталі ў электрычцы. Ехалі сабе жанчыны, нікога не чапалі. Чыталі Караткевіча, Гілевіча, Бураўкіна. А іх узялі і затрымалі. Такое адчуванне, што ў нашай краіне можна чытаць толькі Чаргінца і “Савецкую Беларусь”. Караткевіч, Гілевіч і Бураўкін – гэта вельмі небяспечныя аўтары. А яшчэ яны, уяўляеце, пісалі па-беларуску. Карацей, калі вы збіраецеся ехаць электрычкай, то абавязкова прасачыце, якую літаратуру вы бярэце з сабой. Ну, так, на ўсялякі выпадак. А тое беларускія міліцыянты палічаць гэта несанкцыянаванай акцыяй. Сапраўды, пакуль іншыя людзі чытаюць абвесткі ў газетах і праграмку, некаторыя дазваляюць сабе ўзяць у рукі Караткевіча з Бураўкіным.

Пенсіянерак з кнігамі затрымалі міліцыянты. Заўважце, затрымалі не злачынцаў, не зайбойцаў. А пенсіянерак з кнігамі. А наступнымі хто стануць: пенсіяры з сабачкамі? Пенсіянерак затрымалі і адправілі на Акрэсціна да суда, абвінаваціўшы ў насанкцыянаванай акцыі. Вось ужо не думала, што цяпер трэба браць дазвол на тое, каб пачытаць кнігу. Карацей, беражыцеся: хутка наступіць дачны сезон і цягнікі запоўняць парушальніцы-пенсіянеркі з кнігамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ