Масавая вакцынацыя беларусаў ад COVID-19 пачнецца з красавіка



Масавая вакцынацыя беларусаў ад COVID-19 пачнецца з красавіка, паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскай вобласці 2 сакавіка.

„Цяпер завяршаецца вакцынацыя тых спецыялістаў, якія маюць патрэбу ў гэтым у рамках сваёй прафесійнай дзейнасці, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. — Што тычыцца ўсіх ахвотных, то пакуль што мы запісваем, лічым ахвотных — іх шмат. Пачнем вакцынацыю, калі атрымаем сваю вакцыну ў масавай вытворчасці”.

Піневіч таксама адзначыў, што сёння ў Беларусь прыйшла партыя 40 тысяч доз другога кампанента вакцыны „Спадарожнік V” з Расіі, і павінна прыбыць яшчэ адна стотысячная партыя. Раней у Мінск была дастаўленая кітайская вакцына для правядзення вакцынацыі 50 тысяч чалавек.

Міністэрства аховы здароўя 26 лютага паведаміла, што рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства „Белмедпрэпараты” пачало вытворчасць расійскай вакцыны ад каранавіруса „Спадарожнік V”. Пасля вывучэння стабільнасці першых серый вакцыны будзе праведзеная „напрацоўка прамысловых серый”. Акрамя таго, вядзецца тэставанне тэхналогіі поўнага цыклу выпуску „Спадарожнік V” на вытворчых магутнасцях у Беларусі.

У міністэрстве ўпэўненыя, што выпуск вакцыны на „Белмедпрэпаратах” дазволіць забяспечыць патрэбнасць краіны ў ёй і заняцца экспартам у трэція краіны.

Раней Піневіч паведамляў, што на айчынных фармацэўтычных прадпрыемствах плануецца выпускаць 500 тыс. доз вакцыны за месяц.

belapan.by

© Фота: Расійскі Фонд Прамых Інвестыцый