Пра матывы і вынікі ад прыняцця новага Кодэкса



Старажытнарымскі мысляр Публій Карнелій Тацыт пакінуў пасля сябе некалькі сачыненняў, якія аказалі істотны ўплыў на развіццё еўрапейскай палітычнай думкі. Так, менавіта яму прыпісваюць крылаты выраз пра прадвесце гібелі дзяржавы: “Чым бліжэй дзяржава да падзення, тым больш шматлікія яе законы”. У наступныя стагоддзі гэтую фразу неаднойчы перафармулёўвалі. Французскі паэт П’ер Буаст у 18 стагоддзі выкшталцона перайначыў Тацытаву мудрасць: “Шматлікасць законаў не сведчыць пра норавы, а шматлікасць працэсаў не на карысць законаў”. У любым разе чалавецтва цягам сваёй пісьмовай гісторыі прыйшло да ўсведамлення таго, што стабільнасць любой палітычнай сістэмы і дзяржавы шмат у чым забяспечваецца менавіта рацыянальнасцю, справядлівасцю і адэкватнасцю нарматыўных актаў. Калі ж эліты, якія трымаюць лейцы кіравання, пачынаюць ліхаманкава выпрацоўваць супярэчлівыя, дыскрымінацыйныя і шкодныя для грамадства законы, гэта сведчыць пра адсутнасць перспектываў у саміх уладаў.

Законы, якія ствараюцца не для развіцця дзяржавы, а для закабальвання грамадзянаў, – гэта шлях у нікуды. На прыкладзе цяперашняй Беларусі мы бачым, як людзі, якія сябе пазіцыянуюць кіраўніцтвам краіны, заяўляюць пра тое, што ствараюць сучасныя законы з улікам новых рызык і пагроз, вывучаючы досвед перадавых дзяржаваў. На практыцы ж выходзіць, што новыя распрацоўкі – гэта банальная спроба адцягнуць канец, імкненне звязаць па руках актыўных грамадзянаў, супрацьдзеянне непазбежным пераменам. Менавіта так трэба інтэрпрэтаваць пакеты “драконаўскіх” правак у шэраг кодэксаў, якія ўступілі ў сілу на днях.

З 1 сакавіка ў Беларусі дзейнічае адноўлены Кодэкс аб адміністрацыйных пакараннях. Аглядальнікі і эксперты звяртаюць увагу на шэраг нормаў, якія робяць грамадскую актыўнасць, працу незалежных журналістаў і несанкцыяваную ўладамі палітычную дзейнасць калі не немагчымай, то вельмі складанай. І ў ранейшым КоАП утрымліваліся нормы, якія дазвалялі пераследваць удзельнікаў пратэстаў і журналістаў жорсткімі санкцыямі. Цяпер жа дадаліся ўвогуле адыёзныя нормы, якія прадугледжваюць неймаверна высокія штрафы для пратэстоўцаў, а таксама даюць магчымасць змяшчаць іх на працяглы тэрмін пад варту. Для аўтамабілістаў прыдумалі новаўвядзенне, згодна якому за выкарыстанне гукавога сігналу ў месцах, дзе адбываюцца акцыі пратэсту, могуць адабраць правы. Таксама ў новым КоАП з’явіліся штрафы за разгалошванне персанальных дадзеных, што, вядома, выклікана імкненнем не дапусціць распаўсюду звестак пра сілавікоў, імпэт якіх залежыць ад умоваў ананімнасці. У ліку новых нормаў ёсць таксама штрафы для ўласнікаў Інтэрнэт-сайтаў, не зарэгістраваных у якасці сеткавых СМІ, за распаўсюд забароненай інфармацыі. Таксама за атрыманне замежнай дапамогі сродкам масавай інфармацыі прадугледжаны штраф альбо нават канфіскацыя атрыманых сродкаў ці іншай маёмасці. Зрэшты, калі ўзгадаць тое, як дзейнічалі органы правапарадку, якія пасля мінулых выбараў кіраваліся інструкцыяй “часам не да законаў”, то новыя нормы – гэта ўсяго толькі замацаванне ранейшых практык на юрыдычным узроўні. І робіцца гэта, у першую чаргу, для самазаспакаення саміх супрацоўнікаў, якім даводзілася часта выконваць сумнеўныя з пункту гледжання законнасці загады. Цяпер іх дзеянням нібыта даецца выгляд легальнасці, што, на думку распрацоўшчыкаў правак, павінна падвысіць эфектыўнасць дзейнасці сілавых структур. Аднак, як паказвае практыка, ва ўмовах, калі ўлада супрацьпастаўляе сябе большасці насельніцтва, ніякія, нават драконаўскія законы, не стрымаюць актыўнасці грамадзянаў, якія будуць знаходзіць новыя формы для супрацьдзеяння. А ў некаторых выпадках, як ва Украіне часоў Януковіча, спробы прыняцця дыктатарскіх законаў увогуле выклікаюць новую хвалю пратэстаў.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ