“Паўтарай мне, што ўсё будзе добра…”
3 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень пісьменніка… Нагода паразважаць пра тое, што беларусы – нацыя паэтаў? У прыватнасці, слова набыло значную вагу апошнім часам: за непажаданы каментарый у сацыяльных сетках цябе могуць не толькі забаніць людзі з “іншым меркаваннем”, але і затрымаць… Іншыя людзі. На пэўны тэрмін у месцы, дзе няма інтэрнэту, гарачай вады і добрага харчавання.
Нават сімвалічна, што перад такой літаратурнай датай Следчы камітэт запрасіў на допыт пісьменніцу і намесніцу старшыні Беларускага Пэн-цэнтра Таццяну Нядбай, запрасіў менавіта на 3 сакавіка, сераду. Напярэдадні ж масава затрымалі блогераў і адмінаў тэлеграм-чатаў у сталіцы (больш за 20 чалавек). Вось такое супадзенне.
І ўсё ж людзі працягваюць ствараць тэксты ў любых абставінах. З беларускай вясной добра спалучаюцца вершы, у прыватнасці, вершы Таццяны Нядбай.
паўтарай мне, што ўсё будзе добра
паўтарай
словам не ператворыш пекла
у звонкі рай
але край нас яшчэ не раструшчыў
яшчэ не край
патурай маім слабасцям і важныя словы
паўтарай
Таццяна звязала свой выклік у СК са сваёй ранейшай працай у Прэс-клубе і заявіла, што пойдзе на допыт з адвакатам. Допыт доўжыўся каля трох гадзін, пасля чаго пісьменніца нічога не змагла распавесці тым, хто хваляваўся: дала падпіску пра неразгалошванне.
Думаецца, паэт на ўсё амаль можа адказаць вершам.
а пакуль у цёмны калодзеж моўчкі гляджу
і бачу бяздонне, і не трымаю мяжу
варажу і жагнаюся, потым зноў варажу
за сутнасці дзякуючы каламуці і міражу
усё будзе, як кажаш, але без нас
ці мы будзем не мы
будзе поўна паветра і вязні выйдуць з турмы
будуць перабіраць непражытага, скрадзенага тамы
Беларусы – нацыя паэтаў. І блогераў.