Справа ў дачыненні да перакладчыцы Вольгі Калацкай накіраваная ў суд
Справа ў дачыненні да перакладчыцы Вольгі Калацкай накіраваная ў суд, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале Беларускі ПЭН-цэнтр — праваабарончая арганізацыя, якая аб’ядноўвае прафесійных літаратараў, публіцыстаў, журналістаў.
„Раней паведамлялася, што на адной з акцый пратэсту Калацкая ўдарыла супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка, — гаворыцца ў паведамленні ПЭН-цэнтра. — Пракуратура пацвердзіла, што Вольга 15 лістапада [2020 года] „ударыла ў твар журналіста тэлевізійнага канала, які ў межах рэдакцыйнага задання выконваў абавязкі па асвятленні падзей у горадзе”. Імя „пацярпелага” не называецца”.
Вольга Калацкая была затрыманая 15 студзеня гэтага года ў сваёй кватэры ў Менску. Яна паспела паведаміць на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што яе павезлі ў Фрунзенскае РУУС „на размову”. Пазней адвакату паведамілі ў РУУС, што яна затрыманая па крымінальным артыкуле (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Аднак 19 студзеня ёй выставілі абвінавачанне на падставе часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) — падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.
4 лютага ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай прайшоў вобшук. Як паведамляла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), вобшук праведзены ў межах крымінальнай справы ў дачыненні да Калацкай. „Пакуль невядома, што забралі падчас вобшуку. Вядома толькі, што забралі ключы ад кватэры Вольгі і паехалі з вобшукам туды”, — гаварылася ў паведамленні.
14 лютага да маці Калацкай прыходзіў адзін са следчых па справе яе дачкі. Размова доўжылася каля 30 хвілін і датычылася хуткай перадачы справы ў суд. Было заяўлена, што следства па справе Вольгі завершанае.
Вольга Калацкая — выкладчыца англійскай мовы, перакладчыца кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову.
„Вольга Калацкая не з’яўляецца журналісткай, але яе затрыманне выклікала шырокі рэзананс у колах беларускай інтэлігенцыі, — адзначала раней БАЖ. — Вольга шмат працавала з журналістамі — выкладала для іх англійскую мову, рабіла пераклады”.
З патрабаваннямі неадкладна вызваліць Калацкую выступілі Амерыканскі ПЭН-цэнтр і канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
Калацкая жыве з 89-гадовай маці, якой неабходны догляд.