100-годдзе славутага берасцейскага мастака Эдуарда Куфко
Эдуард Куфко – адзін з самых вядомых і цікавых майстраў жывапісу на Берасцейшчыне. На яго лёс прыйшлося шмат выпрабаванняў. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вязень фашысцкага канцлагера і ГУЛАГа — многія героі яго палотнаў родам адтуль.
Нарадзіўся мастак 4 сакавіка 1921 года ў Цвярской вобласці. Скончыў лесатэхнічны тэхнікум і мастацкае вучылішча ў Яраслаўлі. З першых дзён вайны — на фронце, трапіў у палон, а затым у канцэнтрацыйны лагер. З 1946 па 1953 гады знаходзіўся ў ГУЛАГу.
У Берасце мастак прыехаў у 1955 годзе, дакументы аб рэабілітацыі атрымаў у 1957-м, пасля гэтага стаў удзельнічаць у мастацкіх выставах. Працаваў у станкавым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 90-я гады правёў шэраг паспяховых персанальных выстаў у Беларусі і ЗША. Работы мастака знаходзяцца ў буйных музеях і карцінных галерэях, Берасця, Менска, у прыватных калекцыях за мяжой.
Шырокую вядомасць атрымалі палотны антыфашысцкага цыклу «Пракляцце фашызму», «Асвенцым», «Не забудзем», «Вызваленне» і многія іншыя. Эдуард Куфко напісаў партрэты многіх вядомых людзей — сваіх сучаснікаў. Памёр мастак 18 кастрычніка 1998 года.
5 сакавіка ў Берасці адбудуцца памятныя мерапрыемствы з нагоды 100-гадовага юбілею мастака.