Старшыню БАЖ запрасілі ў Следчы камітэт на 10 сакавіка
Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў запрасілі ў Следчы камітэт на 10 сакавіка. У арганізацыі спадзяюцца, што ім вернуць – пячаткі, статутныя дакументы ды разблакуюць офіс.
Андрэю Бастунцу пазванілі са Следчага камітэта і прапанавалі прыйсці туды раніцай 10 сакавіка, каб прыняць удзел у аглядзе змесціва забранага падчас ператрусу сейфа. А там менавіта знаходзяцца ўсе дакументы, каб весці статутную дзейнасць арганізацыі, заўважае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
– Займаемся выключна статутнай дзейнасцю арганізацыі. Займаліся і займаемся 25 гадоў. Ніколі за межы статута не выходзілі. Дзякуючы гэтаму ў нас добрыя стасункі з Мінюстам. Кожны год справаздачымся перад Мінюстам. Праца нашай арганізацыі не прыпынена, таму мы мусім мець магчымасць карыстацца сваёй пячаткай.
На мінулым тыдні Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Следчы камітэт са зваротам, у якім прасіла разблакаваць доступ у офіс арганізацыі, а таксама вярнуць пячатку і статутныя дакументы, якія знаходзіліся ў сейфе. 16 лютага паводле пастановы Следчага камітэта ператрусы прайшлі ў офісе арганізацыі, а таксама ў некаторых супрацоўнікаў. З таго часу офіс ГА „БАЖ” застаецца апячатаным, а рахунак арганізацыі — арыштаваны.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя