“От сумы да от тюрьмы…”
Ляжачых не б’юць. Сталых – таксама. І дзяцей, тым болей, – хворых дзяцей. Простыя рэчы.
І ўсё ж простыя рэчы разумеюць і прымаюць не ўсе. Пракуратура падае ў суд на Гарадзенскі дзіцячы хоспіс – ужо адно гэта гучыць дзіўна і незразумела, але прычыны судовай позвы ўвогуле знаходзяцца па-за межамі здаровай логікі. У траўні мінулага года хоспіс перавысіў свае паўнамоцтвы ў плане арэнды. І без дазволу арэндадаўцы – паліклінікі №2 – перамясціўся вестыбюль і калідор у дадатак да тых трох памяшканняў, за якія плаціў па дамове.
Хоспіс там – паведамляе пракуратура – наладзіў “швейную вытворчасць”. Пракуратура лічыць сінонімамі валанцёрства, дапамогу медыкам у часы эпідэміі ковід19 і “вытворчасць”. То бок валанцёры хоспіса нажываліся на абарончых сродках? На масках і касцюмах? Не. Раздавалі бясплатна і дапамагалі медыкам… То ў чым праблема? Не паложана дапамагаць не па форме. Вось і ўсё. Дзіўная мараль: перавярнуць усё з ног на галаву і неабыякавых людзей зрабіць злачынцамі… Зрэшты, пасля спробы забраць апарат ШВЛ з дзіцячага хоспіса… Не здзіўляешся.
Адчуць боль іншых людзей – гэта патрабуе пэўнага стану душы. Зразумець, што ты або твой родны чалавек можаце захварэць, – гэта патрабуе пэўнага ўзроўню разумовага развіцця! Мы ўсе звычайныя людзі. І часцей за ўсё добра разумеем тое, з чым самі непасрэдна сутыкаемся. От сумы да от тюрьмы не зарекайся… І вось работнікі пракуратуры не могуць зразумець, што хварэюць усе, – і дзеці, і дарослыя. Да пары да часу гэта будуць чужыя людзі, але толькі да пэўнага часу “ікс”.
У Літве ў 1990-х здарылася звычайная гісторыя: адзін мужчына зламаў пазваночнік і трапіў на вазок замест прэстыжнай – замежнай і запланаванай! – стажыроўкі. І тут ён зразумеў, што на радзіме зашмат бар’ераў для жыцця інваліда-вазочніка. І пачаў іх знішчаць. І, ведаеце, у яго атрымалася. Ён быў сябрам прэзідэнта Бразаўскаса.