Амаль усіх затрыманых ўдзельнікаў прафсаюзнага сходу адпусцілі (абноўлена)



Амаль усе ўдзельнікі студэнцкага прафсаюзнага сходу, затрыманыя ўвечары 5 сакавіка ў Менску, раніцай 6 сакавіка былі адпушчаныя з міліцыі. З імі правялі „прафілактычныя гутаркі” і вызвалілі без складання пратаколаў, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Пакуль невядомае месцазнаходжанне чатырох студэнтаў. „Аб факце затрымання будуць праінфармаваныя міжнародныя прафсаюзы. Таксама рыхтуецца адпаведная заява Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў”, — гаворыцца ў паведамленні БХД.

Нагадаем, на ўстаноўчай канферэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднанняў было затрымана каля 30 чалавек. Ліга плануецца як галіновая арганізацыя Свабоднага прафсаюза Беларускага.

Мерапрыемства праходзіла ў менскім бізнес-клубе „Імагуру”. У 18.30, праз паўгадзіны пасля пачатку канферэнцыі, у клуб прыйшлі невядомыя ў масках, пасля чаго тэлефоны прысутных сталі недаступныя. Пазней высветлілася, што затрыманых даставілі ў міліцыю.

Сярод затрыманых былі палітолаг Андрэй Ягораў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Марыя Тарадзецкая, выканаўчы дырэктар Інстытута дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і ва Усходняй Еўропе Дзмітрый Кухлей, адзін з лідараў прафсаюзнага руху Генадзь Быкаў.

БелаПАН

***

На ўстаноўчай канферэнцыі незалежнага прафсаюза «Ліга студэнцкіх аб’яднанняў» затрыманы больш за 20 чалавек, вынікае з дадзеных праваабаронцаў і валанцёрскага телеграм-канала «Спісы затрыманых».

Мерапрыемства было арганізавана ў менскім бізнес-клубе «Імагуру». Сярод затрыманых палітолаг Андрэй Ягораў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, кіраўнік менскай гарадской арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Марыя Тарадзецкая, выканаўчы дырэктар Інстытута дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Дзмітрый Кухлей, адзін з лідараў прафсаюзнага руху Генадзь Быкаў.

«Ні для каго не навіна, што прававы дэфолт у Беларусі дзейнічае з дня фальшывых выбараў. Затрыманыя ўдзельнікі і госці афіцыйнага прафсаюзнага мерапрыемства – устаноўчага з’езда галіновай арганізацыі Свабоднага прафсаюза – студэнцкага аб’яднання СПБ. Умяшальніцтва ў дзейнасць прафсаюзаў забаронена законам і канвенцыямі МАП. Улады дэманстратыўна топчуць і нацыянальнае, і міжнароднае права. Гэта шлях да разбурэння дзяржавы», – заявіў старшыня СПБ Мікалай Шарах, якога цытуе аргкамітэт БХД.

Беларускае Радыё Рацыя