Журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз кнігі
Карэспандэнта тэлеканала «Настоящее время», які з’яўляецца праектам радыёстанцый «Свабода» / «Свабодная Еўропа» і «Голас Амерыкі», Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз у краіну кнігі «Беларускі Данбас».
Пратакол, складзены на падставе ч. 1 арт. 17.11 адміністрацыйнага кодэкса (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Справа будзе разгледжана 12 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 11 снежня мінулага года ў менскім аэрапорце. Васюковіч вяртаўся з камандзіроўкі ў Кіеў. Супрацоўнікі памежнай службы канфіскавалі ў яго «для праверкі на экстрэмізм» ноўтбук і два асобніка кнігі-расследавання «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты Ігар Ілляш і Кацярына Андрэева.
У кастрычніку беларускі МЗС пазбавіў «Настоящее время», як і іншыя замежныя СМІ, акрэдытацыі.
Беларускае Радыё Рацыя