Еўразвяз можа палепшыць стасункі з Беларуссю



Еўразвяз бачыць магчымасць палепшыць адносіны з Беларуссю пасля многіх гадоў праблемаў у стасунках, заявіў міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс пасля нарады кіраўнікоў МЗС краін Еўразвязу ў Рызе.

У сувязі з наяўнасцю палітвязняў, адсутнасцю свабодных выбараў і парушэннямі правоў чалавека, Еўразвяз захоўвае спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў, блізкіх да ўлады.

На думку палітолага Алеся Лагвінца, больш шчыльныя кантакты афіцыйнага Менска з Бруселем не паўплываюць на агульную сітуацыю ў Беларусі:

– Па выступах Лукашэнкі бачна, што ён не збіраецца праводзіць празрыстыя выбары.  І тое, што прырода рэжыму ў Беларусі памяняецца ад шчыльных сувязяў з ЕЗ, у мяне выклікае сумнеў. Аднак ад больш шчыльнага кантакту можа памяняцца свядомасць большасці беларусаў.

Не выключана, што ўпершыню беларускую дэлегацыю на саміце “Усходняга партнёрства” ў Рызе ачоліць кіраўнік Беларусі .

Рынкевічс заявіў, што ўдзел Лукашэнкі ў саміце ў Рызе — адкрытае пытанне. «Запрашэнняў яшчэ нікому не дасылалі. Гэта адбудзецца толькі напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.tsn.ua