Гомельскія журналісты напісалі ліст палітвязню Леаніду Судаленку
Гомельскія журналісты напісалі калектыўны ліст палітвязню, праваабаронцу і журналісту Леаніду Судаленку. Такім чынам, гомельская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў вырашыла выказаць падтрымку сябру сваёй арганізацыі, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Журналістка Ларыса Шчыракова адзначае, што для зняволеных вельмі важна атрымліваць лісты:
– Для іх гэта падзея, і яны вельмі радыя, калі атрымліваюць лісты падтрымкі ад знаёмых і незнаёмых людзей. Канешне ж, ад знаёмых яшчэ прыемней атрымліваць, а тут калектыўны зварот. Леанід – даўні сябра нашай арганізацыі, ён працаваў на праваабарончым сайце „Вясна”. Пісаў шмат публікацый на праваабарончую тэму. Яму будзе надзвычай прыемна, гэта будзе вестачка ад усіх нас.
Праваабаронца Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Яго абвінавачваюць у парушэнні першай і другой часткі артыкула 342 Крымінальнага кодэксу “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель