У Гародні ўлады не ўстане забяспечыць працай жыхароў (абноўлена)
Афіцыйныя статыстычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што на адну вакансію прэтэндуе тры чалавекі. На сёння – гэта самы высокі паказчык у рэгіёне.
Сярод раённых цэнтраў найвышэйшы каэфіцыент напружанасці на рынку працы ў Лідзе (2,3 чалавекі на месца) і Ваўкавыску, дзе на адно працоўнае месца прэтэндуюць 1,5 чалавекі.
Як лічыць старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, патавая сітуацыя на рынку працы з’яўляецца адлюстраваннем той эканамічнай мадэлі, якую выкарыстоўвае дзяржава:
– Заўсёды так адбывалася: там, дзе пануе дзяржава ў эканоміцы, там такія праблемы і ўзнікаюць. Патрэбныя сапраўдныя рынкавыя адносіны, а ў шырокім сэнсе слова – гэтага не бывае без сапраўднай дэмакратыі.
На ўліку ў якасці беспрацоўных у Гарадзенскай вобласці зарэгіставана амаль пяць з паловай тысяч чалавек – гэта ў 2 разы болей, чым у пачатку 2015 года. Калі такія тэмпы беспрацоўя у рэгіёне захаваюцца і надалей, то аналітыкі прагназуюць, што узровень беспрацоўя на Гарадзеншчыне перасягне пяці працэнтны бар’ер да канца бягучага года.
Беларускае радыё Рацыя, Гародня
* * *
У сакавіку 2015 года, паводле дадзеных Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гарадзенскага аблвыканкама, колькасць беспрацоўных у рэгіёне складала амаль 4 000 чалавек, што на 25% перавышае лічбы канца мінулага года.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя не перавышае 1%, але афіцыйная статыстыка не мае нічога агульнага з дадзенымі кантралюючых органаў, якія сцвярджаюць, што на Гарадзеншчыне колькасць беспрацоўных перавышае 60 000 чалавек, большасць з якіх не мае жадання шукаць працу ў сувязі з нізкімі заробкамі.
– Нельга на гэтыя грошы прыстойна існаваць у сённяшнім грамадстве. Таму што і квартпалата, і камунальныя плацяжы немалыя. І на прадукты харчавання прыходзіцца выдаткоўваць дастаткова багата грошай.
У гарадзенскім цэнтры занятасці насельніцтва апошнім часам істотна зменшылася колькасць вольных вакансій. Тым не менш, у прамысловай галіне не хапае 25% працоўных, у медыцыне – 14% і ў адукацыі – 15. Дзве траціны прапановаў для беспрацоўных складаюць рабочыя спецыяльнасці, прыкладам, конкурс на уладкаванне грузчыкам ці слесарам складае 8-10 чалавек на месца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота s13.ru