Рыгор Кастусёў: Санкцыі хвалююць Лукашэнку, як бы ён гэта не адмаўляў
Аляксандр Лукашэнка для міжнароднай супольнасці зрабіўся ізгоем. Больш за 30 дзяржаў афіцыйна не прызнаюць яго прэзідэнтам, на яго накладзеныя персанальныя санкцыі Еўразвязу. Пад санкцыі трапіла і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і кампаніі, з ім звязаныя, а таксама 240 чыноўнікаў. Сам афіцыйны кіраўнік дзяржавы не часта пра санкцыі ўзгадвае, праскокваюць толькі некаторыя эмацыйныя выказванні, як гэта было на сустрэчы з работнікамі мотавелазаводу:
– Я вось гляджу за гэтымі “беглымі”, мы ж усе ведаем іхныя планы. Яны пра санкцыі супраць мотавелазавода, а мы хочам у ЕЗ прадаваць ровары і так далей. Ну, калі нашым людзям патрэбныя санкцыі, няхай яны ім падзякуюць. Ім трэба падняць людзей да вясны. У іх гэта пытанне №1.
Эканамічная мадэль Лукашэнкі пабудаваная толькі на крэдытах і датацыях у эканоміку. Пасля падзей жніўня 2020 года, ён сабе перакрыў шляхі на Захад, а значыць цяжэй стала маніпуляваць унутры дзяржавы, выказваецца адносна гэтых заяў лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
– Ён вельмі баіцца пратэстных акцый, бо разумее, стан эканомікі не такі, які б яму хацелася. Лукашэнку, як і раней, ратуюць пакуль што толькі крэдыты. Крэдыты раней ён браў і ў Еўропе, і ў РФ. Зараз ён спадзяецца толькі на расейскія крэдыты. Крэдыты выратоўваюць Лукашэнку ў эканамічным і палітычным крызісе.
Лукашэнка за апошнія паўгода не сустрэўся з ніводным дзяржаўным лідарам, акрамя Пуціна. Там таксама ішлі перамовы пра чарговыя фінансавыя датацыі ў беларускую эканоміку з боку Расеі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя