Дзяржсакратар ЗША: Калеснікава ўзняла жанчын па ўсёй краіне
Дэмакратычная актывістка Марыя Калеснікава напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў узняла жанчын па ўсёй краіне на знак пратэсту супраць праўлення Аляксандра Лукашэнкі, апошняга дыктатара Еўропы, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 8 сакавіка на анлайн-цырымоніі ўручэння Міжнароднай жаночай прэміі за адважнасць, якую ў 2007 годзе заснавала амерыканскае знешнепалітычнае ведамства.
„Сёння яе няма на экране, таму што яна сядзіць у беларускай турме. Злучаныя Штаты будуць працягваць заклікаць да яе безумоўнага вызвалення і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”, — сказаў Блінкен.
Калеснікава стала лаўрэатам прэміі Дзярждэпартамента за 2020 год. „Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускія жанчыны сталі дамінуючай палітычнай сілай і рухальнай сілай грамадскіх перамен у Беларусі, у немалой ступені дзякуючы Марыі Калеснікавай, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы знешнепалітычнага ведамства ЗША. — Пасля таго як улады пасадзілі ў турму або выслалі трох самых папулярных апазіцыйных кандыдатаў-мужчын, Марыя і яе партнёры кінулі гістарычны выклік 26-гадоваму кіраванню Аляксандра Лукашэнкі. Марыя, працягваючы заставацца абліччам апазіцыі ўнутры Беларусі, мужна перажывае турэмнае зняволенне пасля спрэчных выбараў. Нягледзячы на сваё затрыманне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух унутры Беларусі і служыць крыніцай натхнення для ўсіх тых, хто імкнецца заваяваць свабоду для сябе і сваіх краін”.
Акрамя Калеснікавай лаўрэатамі прэміі сталі грамадзянскія актывісткі з Бірмы, Камеруна, Кітая, Калумбіі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гватэмалы, Ірана, Непала, Самалі, Іспаніі, Шры-Ланкі, Турцыі, Венесуэлы, а таксама пасмяротна сем актывістак з Афганістана, якіх забілі ў мінулым годзе.
Каардынатар штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Менска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна павезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
У верасні Калеснікавай было выстаўленае абвінавачанне „ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт” (ч. 3 арт. 361 КК). У лютым ёй таксама было выстаўленае абвінавачанне ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК) — маецца на ўвазе КР.
Калеснікава ўтрымліваецца ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску. 6 студзеня стала вядома, што ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 8 сакавіка.
9 сакавіка Калеснікаву плануе наведаць адвакат, пасля чаго стане вядома, да якой даты працягнуты тэрмін утрымання пад вартай.