Падатак на «дармаедаў»: Лукашэнка разгледзіць праект дэкрэта
Дэкрэт аб стымуляванні занятасці грамадзян найбліжэйшым часам будзе пададзены на разгляд кіраўніку краіны. Пра гэта заявіла віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Качанава.
Яна адзначыла, што сёння ў Беларусі вялікая ўвага надаецца сацыяльнай палітыцы. Разам з тым, многія недаацэньваюць усяго таго, што робіць дзяржава. Згодна з дакументам, працаздольныя грамадзяне, якія цягам шасці месяцаў не плацілі падаткі, забавязаныя раз у год аплачваць збор сумаю 20 базавых велічынь. За ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
З ініцыятывай штрафаваць і караць беспрацоўных арыштам выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля адабрэння ідэі Аляксандрам Лукашэнкам адпаведны дэкрэт быў распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Чальцы ўрада папярэджваюць таксама, што збор за дармаедства не легалізуе шэрых заробкаў або бізнесу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belaruspartisan.org