Эксперт: Скасаванне адзінага падатку для ІП з’яўляецца заўчасным



 Адмена такога віду падаткаабкладання для індывідуальных прадпрымальнікаў, як адзіны падатак, з’яўляецца заўчаснай, лічыць дырэктар бізнес-саюза „Канструктыўны дыялог” Жанна Рогава, пункт гледжання якой апублікаваны на сайце Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Нагадаем, у лютым стала вядома пра ліст Камітэта дзяржаўнага кантролю на адрас Міністэрства фінансаў. У ім прапаноўваецца адмяніць для ІП адзіны падатак (вызначаецца мясцовымі ўладамі і ў многіх выпадках складае 50—130 рублёў у месяц у залежнасці ад рэгіёну і віду дзейнасці).

На думку КДК, многія ІП займаюцца высокапрыбытковым бізнесам, таму іх варта перавесці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання, якая прадугледжвае выплату падатку ў памеры 5% ад выручкі. Для тых ІП, хто займаецца аказаннем кансультацыйных, маркетынгавых і іншых паслуг, прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю прапаноўваюць устанавіць падатак у 16% ад выручкі.

Аднак дзелавая супольнасць з такімі прапановамі не згодна. „Лічу, што скасаванне адзінага падатку і перавод індывідуальных прадпрымальнікаў на спрошчаную сістэму падаткаабкладання з’яўляецца заўчасным і нявыгадным, перш за ўсё для мясцовых бюджэтаў”, — падкрэсліла Рогава.

Яна звярнула ўвагу на тое, што цяпер назіраецца падзенне плацежаздольнага попыту насельніцтва і зніжэнне аб’ёмаў продажу на рынках.

„Гэта вельмі выразна прасочваецца ў рэгіёнах. У раённых гарадах і сельскай мясцовасці выручка пераважнай большасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках, не перавышае 1.000 беларускіх рублёў у месяц. Пры гэтым штомесяц яны выплачваюць 94 беларускія рублі адзінага падатку, прычым выплачваюць яго авансам. У выпадку пераходу на прымяненне ССП і стаўкі 5% (дзейная стаўка. — БелаПАН.) ад абароту падатак складзе не больш за 50 беларускіх рублёў па факце рэалізацыі”, — адзначыла Рогава.

На яе думку, павышэнне стаўкі падатку пры прымяненні ССП можа выклікаць пераход ІП у іншыя формы дзейнасці, напрыклад у самазанятасць.

„Гэта таксама стане істотным уронам для даходаў бюджэту. Прывяду прыклад. На працягу 2020 года ў трох гарадах Гомельскай вобласці (Рэчыца, Светлагорск, Жлобін) было зарэгістравана 438 самазанятых. З іх падатак заплацілі толькі 157 чалавек, што ў суме склала 111,5 тыс. рублёў. Калі б гэтыя 438 чалавек ажыццяўлялі дзейнасць у статусе ІП (нават без прыцягнення наёмных асоб), сума падатковых паступленняў за год склала б, як мінімум, 452 тыс. рублёў (па стаўцы адзінага падатку 86 рублёў)”, — падкрэсліла Рогава.

Акрамя таго, дадала яна, ІП, у адрозненне ад самазанятых, абавязаны выплачваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

„На мой погляд, варта было б не скасоўваць адзіны падатак, а ўдасканаліць парадак яго прымянення, прадугледзеўшы, напрыклад, градацыю ставак у залежнасці ад месцазнаходжання дзейнасці ІП”, — сказала Рогава.

belapan.by