Лекар: Арганізм Банцэра можа вытрымаць максімум тыдзень



У гарадзенскай турме шосты дзень трымае сухую галадоўку актывіст і музыка Ігар Банцэр, якога судзяць за вулічны перформанс.

У чым небяспека такой галадоўкі, якую трымае Банцэр, кажа доктар Уладзімір Пруднікаў:

– У гэтым выпадку акрамя тых патафізіялагічных працэсаў, якія скіраваныя проста на знішчэнне арганізму з-за недахопу харчавання, тут яшчэ і далучаецца такая з’ява, як эксікоз. Эксікоз – гэта такі стан арганізму, калі ідзе абязводжванне, калі не хапае вады. Такім чынам згушчаецца кроў, з тканак у кроў таксама ідзе вада, каб трошкі разбавіць кроў.

Уладзімір Пруднікаў ведае Банцэра асабіста і канстатуе,  што Ігар можа вытрымаць максімум тыдзень такой галадоўкі.

– Калі мы гаворым менавіта пра такога пацыента, то, канешне, яго таўшчыня падскурнага тлушчу не такая вялікая, каб пратрымаць сухую галадоўку. Таму што тлушч, падскурны і вісцеральны, гэта ў нейкім сэнсе „дэпо” вадкасці, як у вярблюда гарбы. Такім чынам, вадкасць можна атрымаць з гэтага “дэпо”. А вось тут, у дадзеным выпадку, канешне, чалавек можа пратрымацца не больш за тыдзень.

Ігар Банцэр ужо з канца кастрычніка 2020 году знаходзіцца за кратамі. Падчас вулічных акцый у жніўні – кастрычніку 2020 года яго неаднаразова затрымлівамі і ён правёў за кратамі 18 содняў. 

За тым,  што адбываецца з Ігарам, сочыць яго сябра і калега па гурту Аляксандр Кот:

– З панядзелка пайшлі ўзмоцнена публікацыі на шматлікіх навінных парталах, аж да таго, што 8 сакавіка з’явіліся публікацыі ў “Краіне для жыцця”, і Святлана Ціханоўская на сваім акаўнце ў Інстаграме апублікавала інфармацыю пра Ігара. Замежныя СМІ Польшчы, Чэхіі, Германіі, Францыі таксама пішуць.

Аляксандр Кот вельмі хвалюецца за здароўе свайго сябра:

– Зараз асноўныя перажыванні, што ў Ігара са здароўем пачнуцца праблемы. За чатыры месяцы ў ізалятары плюс з улікам таго, што ён вегетарыянец, цяжка прагназаваць наколькі ён будзе здольны далей бараніць сябе і ўдзельнічаць у працэсе ў прынцыпе. Усе перажываюць, каб не было горш са здароўем і, адпаведна, гэта можа паўплываць на судовы працэс.

Судовы працэс над Ігарам Банцэрам працягнецца 12 сакавіка 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Гародні, і шмат хто думае пра тое, што вытрымаць каля 9 дзен “сухой галадоўкі” – немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя