У Менску пачаўся працэс над дзяўчынай, якая аказвала пратэстоўцам медычную дапамогу
У судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках.
Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да васьмі гадоў. Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
20-гадовую дзяўчыну затрымалі летась 16 кастрычніка, ад таго часу яна за кратамі.
Паводле абвінавачвання, Аляксандра Патрасаева ў ноч на 10 жніўня і ў наступныя дні «брала актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»: блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама зняволеная нібыта заклікала людзей да супраціву і сама аказвала непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.
Аляксандра Патрасаева сваю віну не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбна медычная дапамога, паехала пасля працы, каб яе аказаць. На скрыжаванні менскіх вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава яна не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, ніякіх патрабаванняў не чула. Прыкладна 50 чалавек узводзілі барыкады, але не было падпалаў, пагромаў ці кідання прадметаў.
Аляксандра ўдакладніла, што надавала медычную дапамогу людзям каля лесвіцы — апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мех са смеццем. На абвінавачванне, што трымала металічную палку, адказала, што падняла яе з зямлі і выкінула, ніякіх фізічных дзеянняў не ажыццяўляла.
Абаронца папрасіў далучыць да матэрыялаў справы ліст і характарыстыку падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.
Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, тры дні яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтавання. Яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку і пры гэтым бесперыпынна білі, прычым, рабіла гэта жанчына. Затым адпусцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя звязкі, лекары наклалі гіпс.
Следчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаванні на Акрэсціна.